Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

места Вільня атрымлівае прывілей на Майдэборскае права[1]. Праўда, гэты акт быў яшчэ мала выразны і асаблівых праў месту не даваў, але ён стаў асновай, на якой будаваліся і пашыраліся правы Вільні. У 1432 годзе, 23 верасьня, Жыгімонт Кейстутавіч, звольніў места Вільню ад вы­платы мыта па ўсім княстве: „Пожаловали есмо виленских местичов ляхов и руси што им мыта недавати по всей нашой земли как издавна не давали а отпустили есмо им вся мыта вечно"[2]. У гэтым самым годзе быў зноў нададзены і прывілей на Майдэборскае права, у якім адзначана, што ён даецца „изнову", інакш кажучы,—у першы раз. Калі спыніцца на характары прывілею, дык яго запраўды можна лічыць асноўным прывілеем места Вільні. Гэтым прывілеем даравана „право немецкое што словет Матьборгское... на вечные часы всим местичом виленским нашое веры римское и руским, што суть руское веры и всему посполству места виленского во всих своих оурадех того права немецкого и члонкох, разделох, розумех держати их... отдаляючы от иных прав, што сут польская, литовская, руская... и ослобожаем тое место вилепское от всего права и насилья всих воевод и судей“. Падсуднасьць места ува ўсіх справах—як крымінальных, гэтак і цывільных—перадаецца войту, апэляцыя на якога ідзе да гаспадара, але і „тогды неиначей по их жо правом немецким и маеть отповедити“. Войту даецца права „судити и отсудити казнити мстити на кола бити, стипати... как оу том праве оу немецком матборском во всих своих члонкох"... Апроч таго, месту дадзены былі і даходныя крыніцы: „вагу, на которой воск весять и иныи речы крамныи", а таксама „постригалня сукон... чотыри ятки суконные. а иныи к тому чотыри" для „шинкованьня и сложенье вина мёду и пива"[3]. Усе асноўныя рысы прывілею на Майдэборскае права, якія мы можам заўважыць і ў пры­ вілеях іншых беларускіх местаў, мы знаходзім у гэтым прывілеі. Больш позьнія граматы зьяўляюцца дадаткамі да гэтага асноўнага акту. Учасы князяваньня Казіміра экономічныя і юрыдычныя правы і пры­вілеі места Вільні пашыраюцца яшчэ далей. У 1444 годзе месту Віль­ні было даравана права на два штогоднія кірмашы[4], а ў 1443—пра­ва вольнага пераезду ракой Вяльлёй праз гаспадарскія і баярскія езы, а таксама права бічэўніка і высадкі на бераг[5]; у 1444 годзе віль­няне былі звольнены ад падводнае павіннасьці[6].

Усе найгалаўнейшыя прывілеі нададзены былі ў часы барацьбы за ўладу вялікага князя. Можна думаць, што Вільня, як значны цэнтр і сталіца дзяржавы, ня была пасыўнай у тагочаснай політычнай ба­рацьбе і, зразумела, атрымлівала за сваю актыўнасьць узнагароду ад улады ў форме пашырэньня сваіх праў і прывілеяў.

У XV сталецьці вонкавыя адносіны Літоўска-Беларускае дзяржавы да крыжакоў палепшыліся і далі магчымасьць весьці правіль­ныя зносіны з Заходняй Эўропай. Ужо умовы Вітаўта ў 1402 і 1404 га­дох з крыжакамі аднавілі гандлёвыя зносіны насельніцтва Літвы і Бе­ларусі з Прыбальтыцкімі краінамі. Аднак, умовы часта парушаліся, ня гледзячы на абавязкі, якія прынялі на сябе крыжакі, і тавары літоўска-беларускіх гандляроў ня толькі абкладаліся непасільнымі і незакон-

  1. Собрание древних грамот и актов городов Вильны, Ковна, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам. Часть I. Вильна, 1813. № 1. (Далей пры­водзіцца скарочана: „Собрание древних грамот Вильны и др."
  2. Ibid., №2
  3. Ibid., №4
  4. Ibid., №7
  5. Ibid., №8
  6. Ibid., №9