Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У XII сталецьці пра места Вільню спамінае ісляндзкі вандроўнік Спорро-Стурлезон. Весткі аб месьце Вільні да XIV сталецьця зьяў­ляюцца выпадковымі, часта ня зусім пэўнымі і праўдзівымі. Аднак, бяз іх нельга было-б зразумець, чаму Гэдымін заснаваў тут сваю ста­ліцу ў дваццатых гадох XIV сталецьця.

Тлумачыць гэты факт толькі цэнтральным палажэньнем Вільні сярод зямель, над якімі панаваў Гэдымін, і інтарэсамі абароны,—няма падставы. Напэўна, ужо ў той час Вільня была значным паселішчам і гандлёвым цэнтрам, бо жыхары яго вялі гандлёвыя зносіны з Рыгаю, Любэкам, Штэтынам, Ростокам, Штральзундам і востравам Готляндам. У 1324 годзе ў Вільні ўжо існуе два касьцёлы[1], нату­ральна—дзеля здаваленьня рэлігійных патрэб гандляроў, якія па сваіх справах прыяжджалі ў Вільню.

Стаўшы сталіцай, Вільня ўзмацнілася двома замкамі: Верхнім— на Замкавай гары, і Ніжнім—у яе падставы: іх пабудаваў Гэдымін у 1322 годзе.

Адначасна Гэдымін зьвяртаецца з запрашэньнем у прыморскія гарады Заходняе Эўропы да рамесьнікаў і майстроў, каб тыя ехалі на жыцьцё ў Вільню. Прывілеі, якія дараваў чужаземцам Гэдымін, да­памаглі ўзросту места, а таксама разьвіцьцю і пашырэньню ў ім гандлю. У другой палове XIV сталецьця, калі Альгерд пашырыў межы Літоўска-Беларускае дзяржавы на поўдзень і на ўсход, Вільня расьце і шырыцца, дзякуючы гандлёвым зносінам з Украінай і з усходнімі землямі. Але ў гэты-ж самы час Вільня адчувае перашкоды ў гандлё­вых зносінах з Заходняй Эўропай. Бязупынная барацьба з крыжакамі Кейстута, які кіраваў заходняй паловай Літоўска-Беларускага княства, амаль што зусім зьнішчыла правільныя гандлёвыя зносіны з захадам. Крыжакі, захапіўшы ўсё ўзьбярэжжа Бальтыцкага мора, трымалі ў сваіх руках гандлёвыя шляхі Беларусі, якія зьвязвалі яе з Заходняй Эўропай. Барацьба крыжакоў з Літоўска-Беларускай дзяржавай асабліва цяжка адбівалася на тым, што крыжакі перарвалі зносіны на бліжэйшых вод­ных шляхох—па рэках Заходняй Дзьвіне, Нёмне і Вісьле. Застаўся толькі кружны шлях праз Вялікі Ноўгарад, але ён быў далёка і, апроч таго, усю карысьць ад гандлю пакідаў у сваіх руках. Такое палажэньне яшчэ пагоршала пасьля сьмерці Альгерда. Вялікім князем стаў сын Альгерда—Ягайла, а Кейстут застаўся, як і раней, калі яшчэ жыў Аль­герд, князем Заходняе Беларусі і Літвы і прызнаў старшынства Ягайлы. Хутка, аднак, згода паміж імі была парушана, і пачалася барацьба, пры­чым Ягайла ў 1380 годзе ўлажыў сакрэтную згоду з крыжакамі су­проць Кейстута. Кейстут захапіў Вільню і стаў вялікім князем; аднак, доўга ўтрымацца ён не здалеў. Супроць яго выступілі і жыхары места Вільні. Гэтая варожасьць Вільні да Кейстута тлумачыцца тым, што ваяўнічасьць Кейстута вяла да барацьбы з крыжакамі, якая так шкодна адбівалася на гандлёвых інтарэсах вільнян, у той час як згодніцкі настрой Ягайлы падаваў надзею на адчыненьне бліжэйшых шляхоў і лордаў Бальтыцкага ўзьбярэжжа, якія ішлі ў Заходнюю Эўропу.

Актыўны ўдзел места Вільні ў політычных справах таго часу, а магчыма, і ў пазьнейшай політычнай барацьбе, даў Вільні цэлы рад праў і прывілеяў, якія вызначалі Вільню спаміж рэшты гарадоў і дапа­магалі росквіту „столечного места". Бязумоўна, спрыялі гэтаму і агульна-экономічныя, а таксама і політычныя ўмовы таго часу. Ужо ў 1387 годзе

  1. Ю. Крачковский. Старая Вильна до конна XVII столетия. Вильна, 1893.