Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мяшчанства ўстанаўляецца свой мяшчанскі арыстократызм, і гэта не павінна нас дзівіць, бо такое зьявішча адпавядала ўсёй сыстеме таго часу і таму агульнаму арыстакратызму, які наглядаецца ў кіраваньні ўсяе Літоўска-Беларускае дзяржавы.

Меская рада з бурмістрамі загадвала гаспадаркаю места. На першым пляне стаяла абарона места. Мескае ўзбраеньне „пушки гаковницы, румянцы и што кольвек ку обороне напротивко пеприятеля" — знаходзілася пад наглядам рады. Рада купляе за „посполитые гроши" збоже“, на выпадак „голоду, дорогости, або облеженя около места". Рада сачыла за перакупшчыкамі, "абы жаден перакупчик не смел купити речей стравных перед годиною на то установленою". Рада на­глядала за вагою і мерамі купецкімі, за шынкамі, за пекарамі. Рада мела нагляд над правільным і плянавым будаваньнем мескіх будынкаў, „от нынешнего часу на потым жаден мещанин не мает рухати, а ни будовати домов своих, олиж первей мает оповедати враду“. Рада трымала ў сваіх руках ключы ад мескай брамы, наглядала за іх спраўнасьцю таксама як і за ўсімі будынкамі, як, напрыклад, гасьціны двор, лазьня, іншыя будынкі, якія належалі месту. Рада сачыла за мяшчанамі, каб яны не „выламывалися" з-пад ураду мескага ў іншую юрыздыку. Рада зносілася з гаспадарскім урадам. Ва ўсіх судовых справах цывільнага характару рада адпраўляла суд над мяшчанамі, якія ёй падлягалі. З 1552 году рада зацьвярджала цэхі.

Рада кожны тыдзень у чацьвер мела свае пасяджэньні на ра­тушы „для справ местских. Для сваіх патрэб рада мела ўласнае па­мяшканьне ў ратушы, „рада в иншей избе мает седети, справы свае справовати, што по них прислушит з бурмистры".[1]

Другою мескаю ўстановаю была лава. Лік лаўнікаў, або скабінаў, у Вільні складаўся з 12 асоб. Лава мела сваё памяшканьне ў ратушы.' Агульныя сходы лавы з радаю адбываліся толькі тады, калі запрашала рада. Лаўнікі, як відаць, таксама абіраліся радаю; пасады лаўнікаў, як і радцаў, былі дажывотнымі. У вадносінах да ўсіх радцаў, бурмістраў і лаўнікаў было ўстаноўлена адно абмежаваньне: блізкія крэўныя ня мелі права быць абранымі у ліку некалькіх асоб; „к тому которы бурмистры и рядцы и лавники в раде и в лаве седят отец з сыном, альбо брат рожоны з братом, тые мают без порушения седети аж до животов своих, але от нынешнего часу... жадный таковый, то ест отец з сыном, альбо брат рожоны з братом на таковые врады не мают быти выбираны, а ни сажоны, нижли отец может седети в раде, а сын в лаве, также и братья рожоныя один седети в раде, а другій также в лаве"[2].

Комнэтэнцыяй лавы быў суд у крымінальных справах. На чале лавы стаяў войт. Апэляцыя на суд рады і лавы падавалася беспасрэдна гаспадару, які павінен быў судзіць, як і рада ці лава, на аснове Майдэборскага права, што падкрэсьлівае настойна гаспадар як у прывілеях на Майдэборскае права, гэтак і у сваіх судовых паста­новах.

Мескі ўрад стаў звычайна празывацца магістратам (magistratus), асабліва з другое паловы XVI сталецьця. Магістрат меў свой будынак - ратушу, якая знаходзілася на Вялікай вуліцы. Цяпер на месцы ратушы ў Вільні знаходзіцца будынак тэатру.

  1. Собрание древних грамот Вильны и др., №27.
  2. Ibidem