Старонка:Места Вільня ў першай палове XVI сталецьця.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Места Вільня ляжыць на берагох ракі Вяльлі (Веліі) пад 51°41' паўночнае шырыні і 24°57' усходняе даўжыні. Места ляжыць у волміне (катліне), навокал якое знаходзяцца досыць вялікія узвышшы (узгоркі). У старадаўнія часы навокал Вільні былі бязьмежныя лясы, азёры і вялікія прасторы балот. Такое палажэньне рабіла мес­та Вільню мала прыступным для нападаў з боку вора­гаў.

Можна думаць, што места Вільня зьяўляецца старым славянскім паселішчам. Аб гэтым гаворыць назоў ракі Вяльлі (Веліі), ад якой па­ходзіць і назоў места. Крывічы і дрыгавічы ў сваім колёнізацыйным руху далёка заходзілі ня толькі на ўсход і поўнач, але і на захад; аб гэтым сьведчаць Кокейнос і Герсіке, колёніі крывічоў на берагох Заходняе Дзьвіны. Нічога дзіўнага няма ў тым, што ужо ў самыя старадаўнія часы Віленшчына была заселена славянамі. Такі пагляд ня будзе супя­рэчыць гістарычным падзеям, калі нават ня прымаць тэорыі Шафарыка аб славянскім пахаджэнцы плямя, якое насіла назоў „Літва".

Першая вестка аб Вільні зьвязана з лёсам Полаччыны. У летапісе, паводле Уваскрасенскаіа сьпіску, пад 1129 годам зьмешчана, што ў часы нападу з боку кіеускаіа князя Мсьціслава (сына Уладзімера) князі полацкія паўцякалі ў Царгорад і Вільню, баючыся гвалтаўніка Мсьці­слава, паддаліся каралю Вэнгерскаму, а пасьля „Вілняне взяша собе на Царляграда князя Полотцкого Ростислава Рогволодовича детей, Да­вила князя, да брата его Мовколда князя, и той на Вилне пръвил князь Давил, брат Мовколдов большой; а дети его Вид, его же лет. волком звали, да Ердень князь."[1] Значыцца, у гэты час Вільня была значным замкам і была цэнтрам, да якога прылягала даволі вялікая акруга, калі Вільня запрашае да сябе асобнага князя.

  1. Полное собрание русских летописей, изданное Археографическою Комиссиею. Том VII. Летопись по Воскресенскому списку. СПБ. 1856, стар. 253