Старонка:Матар'ялы для вывучэньня Віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Эпімах-Шыпіла, Браніслаў Ігнатавіч (1859) — рэдактар і выдавец шмат якіх беларускіх выданьняў; радзіўся ў фольварку Будзькаўшчына, Лепельскага павету, б. Віцебскай губ., у сям’і земляроба. У 1880 г. ён скончыў Рыжскую гімназію, а ў 1885 г. — Спб. унівэрсытэт, па сканчэньні якога на працягу пяцёх гадоў займаўся прыватнымі лекцыямі, а ў 1890 г. паступіў на службу ў бібліотэку Спб. унівэрсытэту, дзе праслужыў 35 год; адначасна выкладаў грэцкую і лацінскую мовы ў Спб. сярэдніх і вышэйшых школах.

Э.-Ш. адыграў вялікую ролю ў разьвіцьці беларускага нацыянальнага адраджэньня, якое пачынала разьвівацца ў канцы XIX і пачатку XX стагодзьдзяў; ня маючы матар’яльных сродкаў, мала маючы людзей з высокай адукацыяй, з пэўным службова-грамадзянскім палажэньнем, а выходзячы з працоўна-сялянскіх гушчаў, яно ў асобе Э.-Ш. знайшло як ідэёвае, так і матар’яльнае падтрыманьне. У 1902 годзе ён прыймаў галоўны ўдзел у першым беларускім Спб. таварыстве «Круг беларускае народнае асьветы і культуры беларускай», аддаючы ў яго фонд рэшту сваіх заробкаў. У 1906 г. ён організаваў і адчыніў на сваёй кватэры другое, больш вядомае Т-ва «Загляне сонца і ў наша ваконца», стаў на чале яго і разьвіў досыць значную, у параўнаньні з тагочаснымі магчымасьцямі, выдавецкую дзейнасьць; паміж іншым, выдаў першую беларускую часопісь «Маладая Беларусь». Дапамагаў ён усімі магчымымі сродкамі і шмат каму з беларускіх дзеячоў, песьняроў, студэнтаў і проста рабочых, як, напр., вучыў і сутрымоўваў каля 2-х гадоў найвялікшага песьняра беларускай зямлі Янку Купалу, які тагды толькі пачынаў брацца за пяро і спрабаваць свае здольнасьці. Але Э.-Ш. прымаў удзел і ў політычных справах: на яго кватэры абгаварваўся мэморандум аб незалежнасьці Беларусі, які ў 1916 г. чытаўся А. Луцкевічам ў Жаневе, апрацоўвалася тактыка на выпадак заняцьця Беларусі немцамі і г. д.

Э.-Ш. сабраў на свае ўласныя сродкі вялізную бібліотэку па беларусазнаўству, якая мае каля 3-4 тысяч назваў. У 1926 г. ён пераехаў у Менск і зьяўляецца сябром І. Б. К.