Старонка:Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928 (1928).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Што да рыфмаваньня, дык, паводле тав. Дубоўкі, дасягненьнем Маладняка быў адыход маладнякоўскіх поэтаў ад дзеяслоўнае рыфмы і орыентацыя ў справе рыфмаваньня на народную беларускую творчасьць, у якой, паводле яго, ёсьць „рыфмоўка на дысонансы, што ўведзена ў расійскай літаратуры сымболістымі і пашырана імажыністымі“[1].

Трэба прызнаць, што ўжываньне няпоўнае рыфмы, розных сугучнасьцяй, у выглядзе асонансаў і алітэрацый, бязумоўна, унесла ў беларускую літаратуру орыгінальнасьць, сьвежасьць і новую музычнвасьць, больш увязаную з сваёю сучаснасьцю, чым старыя формы вершапісаньня.

І толькі строфічная композыцыя (увязка радкоў), паводле тав. Дубоўкі, была тады ў маладнякоўцаў бедная. Чатырохрадкоўе было пануючай формаю.

Як на дасягненьне, паказваў тав. Дубоўка і на тое, што маладнякоўцы зьвярнулі вялікую ўвагу на мову ў сваіх творах. І праўда, маладнякоўцы ў большасьці прышлі ў літаратуру з самых гушчаў беларускага сялянства і прынесьлі вялікі запас сваіх народных слоў. Апрача таго, яны шукалі новыя кніжныя словы. Яны далі цікавыя новатворы, як крынічыць, лявоніць ды інш.[2].

  1. „Бюлетэнь“, стар. 72.
  2. Між іншым, гл. артыкул проф. П. БузукаУвагі аб мове і стылю маладнякоўцаў“ („Маладняк“, № 5 1927 г.), дзе разглядаецца, галоўным чынам, мова і стыль М. Чарота, М. Гарэцкага і Ал. Дудара.