Атульвае інеем клёны
І сее туман на палеткі,
Рукой залачона-зялёнай
Галубіць завяўшыя кветкі…
На сівых, імшыстых купінах
Зьбірае ў прыпол журавіны
І кропіць у зёрны рабіны
Гаркавасьць былых успамінаў…
3. Лістапад
Сёньня раньне разьлілося
Залацістым акіянам…
Заімжылі сум і шэрань,
Заімжылі у садох…
Можа шчасьце — толькі здані?!
Можа крозы — толькі зманы?!
Адно знаю:
Я — шчасьлівы,
Калі мы з табой удвох…
∗
Вусны смагла п‘юць каханьне,
Сэрца ловіць сэрца стукат…
Кроў шумуе,
Кроў бруіцца…
Прынікаю да цябе…
Дарагая, ня пужайся!..
Мо‘ са шчасьцем блудзіць смутак…
Хараство жыцьцё і радасьць —
У каханьні, барацьбе…
∗
Адцьвітаюць дні, як ружы;
Расьцьвітаюць, як пралескі…
Маюць ружы і пралескі
Свае чары і красу…
А растае цемень хмараў, —
Сонца
Кволаю усьмешкай
Прыбярэ і апрыгожыць
Дрэвы ў пацеркі-расу…