калыхаць з аднаго бока на другі, а сярдзітыя хвалі з ярасьцю разьбіваліся аб яе барты, іншы раз абліваючы тысячай салоных пырскаў вандроўнікаў. Урэшце глухі перакат грому парушыў ранішнюю цішыню. Заблішчала бліскавіца, лінуў як з вядра дождж.
І навальніца, страшэнная паўднёвая навальніца з адзічаўшаю ярасьцю рынулася на бездапаможную на высокіх хвалях маторную лодку фабрыканта.
— Мама, мама! — Я баюся! — крычала маленькая Джэньні, пужліва прыціскаючыся да грудзей сваёй маткі.
— Рычард, мы загінулі! — паўтарала яму ў жахлівасьці мадам Фурн‘ер. — Мы загінулі!
Дарэмна Фурн‘ер хацеў павярнуць сваю лодку назад у напрамак да Марсэлю. Матор ня дзейнічаў, заліты салонаю вадою. Старно выпушчанае з рук страціўшаю розум ад жаху нарачонаю фабрыканта, бездапаможна блукалася ў розныя бакі.
І сьмерць — нямінучая і жудасная ўжо працягвала да іх свае цыбастыя рукі, радуючыся ўрачыстасьцю хваль.
— Ратуйце! Ратуйце!
Гэты дзікунскі зьвярыны крык разьляцеўся па сярдзітаму мору клічучы аб дапамозе нават гуляючую па яго ўсхвалёванай прасторы навальніцу.
— Ратуйце! Ратуйце!
∗
∗ ∗ |
— Тата, ці чуеш ты, нехта заве на дапамогу! — моцна сказаў П‘ер Дзюкло, стараючыся перакрычаць злосную не на жарт лютуючую навальніцу.
— Грабі на права, сынок, — загадаў яму стары рыбак. Марак не павінен нікога пакідаць у няшчасным выпадку без дапамогі сярод мора!
— Гэта маторная лодка і здаецца з Марсэлю!
— Ратуйце, ратуйце! — даносілася ветрам да рыбацкай лодкі рашучыя стогны гінучых.
П‘ер націснуў з усёю сілаю на вёслы і пасьля некаторай барацьбы з хвалямі набліжыў сваю лодку да гінучых.
— Тата, сказаў ён — пільна ўгледзеўшыся ў усхвалёваную далячынь, — ты ведаеш хто знаходзіцца ў маторнай лодцы? Калі я не памыляюся гэта Фурн‘ер — гаспадар той фабрыкі, адкуль мяне выгналі тады на холад і голад.
— Хто-б, сабе, ня быў, — адказаў яму на гэта стары рыбак, — а наш абавязак дапамагчы яму.
Страшэнная навальніца загатавалася ў грудзёх П‘ера. Раптоўна ўсплылі на памяць — пакуты яго і яго сям‘і, якія перанесьлі яны па ўладарнасьці гэтага сухога і чэрствага капіталістага. Беспрацоўе, жабрацтва, холад і галадэча.