Перайсці да зместу

Старонка:Маладняк. 1929. № 7.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Эй, брат, па вельмі важнай справе, — адказаў яму апошні. Між іншым, чаго-ж мы стаім тут на холадзе, пытаюся? Зойдзем у бістро[1] да цёткі Жырар. Гэта, ведаеш, тут недалёка, на суседняй вуліцы, Там і пагамонім за шклянкаю.

Стары Франсуа ў непаразуменьні пачухаў сабе патыліцу.

— Да цёткі Жырар, яно канечна, зайці можна. І шкляначку вінца выпіць таксама зусім ня дрэнна. Але, ведаеш, я таго, зусім бяз грошай! І ён вылажыў капітану ў кароткіх словах сваё дрэннае матар‘яльнае становішча.

— Значыцца я як раз пасьпеў у свой час! — усклікнуў капітан, — таму што ў мяне маецца для цябе, стары Франсуа, праца!

— Ды што ты? — не паверыў сваім вушам стары рыбак. — Няўжо гэта праўда? Вось дык узрадуецца мая старая!

— Так, так! — Падмацаваў капітан. І праца, якая прыдзецца табе па смаку. Між іншым пойдзем да цёткі Жырар. Там за шклянкаю віна і пагамонім, як належыць.

І два прыяцелі накіраваліся ў шынок.

— Вось што Франсуа, — пачаў капітан, калі яны прышлі і ўселіся за адным з вольных столікаў, — я атрымаў ад сваёй памёршай цёткі невялікую спадчыну і адчыніў на яе маленькую справу. Купіў ужо некалькі добрых лодак і думаю заняцца рыбалоўствам.

— Добрая справа, — адказаў стары рыбак. Асабліва калі ёсьць грошы і пры належным абсталяваньні жыць на гэта — зусім магчыма!

— Я, бязумоўна, сам езьдзіць у мора ня буду, — казаў далей капітан. — Папершае — стары я ўжо, а падругое ніколі я гэтаю справаю і не займаўся. Але лодкі свае і належнае да іх даваць добрым рыбаком на процанты буду. Чатыры дзяцюкі пачалі ўжо працу. Хочаш быць пятым і заняць апошнюю лодку?

— А на якіх умовах? — асьцярожна запытаў капітана Франсуа.

— А гэта ўжо там умовімся, — адказаў яму на гэта Густаў Грэньер. — Ня бойся стары, не пакрыўджу! А вось табе і трыццаць франкаў авансу, калі хочаш. Згодзен ці што?

— Хістацца ня было чаго, — бо вялікага шчасьця і жадаць было немагчыма. Бо гэта-ж адзначаўся — канец: галадоўкі, канец чорнай ды жудаснай патрэбе. А тут яшчэ і сіняе мора вабіла да сябе старога рыбака, мора, якое ён так даўно ўжо ня бачыў.

— Згодзен, гаспадар! — сказаў Франсуа. — І кладучы ў кішэню 30 франкаў, усьміхаючыся дадаў: „А аванс твой выгадна бяру, таму што ён нам сёньня як ніколі патрэбен.

У гэты вечар весялосьць і радасьць панавала ў маленькім пакойчыку сям‘і Дзюкло. Была праца — пачыналася новае жыцьцё.

  1. Бістро — гэта шынок з сьпіртнымі напіткамі.