Перайсці да зместу

Старонка:Маладняк. 1929. № 7.pdf/43

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

∗     ∗

Калі П‘ер Дзюкло ўвайшоў у шынок Франсуа — там яшчэ амаль нікога ня было. Тольк і ўкутку, каля самага прылаўка весялілася кампанія ангельскіх матросаў, якая моцна пяяла на незразумелай П‘еру мове песьні, крычала і буяніла.

Марсаль ласкава паглядаў на сваіх падвыпіўшых гасьцей, падаючы ім раз по разу новыя бутэлькі віна і джына. Гэта былі добрыя кліенты і ўжо не адзін фунт ангельскіх стэрлінгаў пераняў з матроскіх кішэняў у бяздонную скрыню Франсуа.

П‘ер сеў каля ўваходу ў шынок і загадаў сабе бутэльку італьянскага „к‘янцы“. На душы было пуста, стомленасьць зьліпала вочы, а ацяжэўшыя ад доўгага бязмэтнага блуканьня па гораду ногі балюча нылі.

— А ну, „Бірыбі“ засьпявай нам песьню — сказаў гаспадар шынка, зьвяртаючыся да сівага, у лахманы адзетага і друзлага на выгляд чалавека, які блукаў па пакоі шынку.

— Песьню? — перапытаў яго стары. Што-ж, можна бадай засьпяваць „Бірыбі“ ведае шмат усякіх песьняў — і вясёлых і сумных. Толькі пачастуй раней чаркаю.

Гэта была дзіўная фігура. Былы легіён, „Бірыбі“, як яго звалі наведвальнікі шынку, уяўляў з сябе нейкую незразумелую сумесь камэдыянта і трагіка. Амаль заўсёды п‘яны, ён блукаў з шынка ў шынок, выпрашваючы ў наведвальнікаў ні міластыню, а шкляначку віна ці чарку гарэлкі. А калі ён надломаным і старчым голасам пачынаў сьпяваць свае, па большай частцы, сумныя афрыканскія песьні, то ніяк нельга зразумець было ці трэба сьмяяцца ці плакаць. У песьнях яго было мала таго, што выклікала-б сьмех. Яны ў большасьці апавядалі аб вельмі сумных рэчах. Аб афрыканскай катаржнай турме, дзе пакутуюць, вінаватыя ў чым небудзь, колёніяльныя салдаты, аб цяжкім жыцьці афрыканскага работніка, аб зьдзеках над ім эўропэйца — гаспадара. Аднаго разу ён за гэтыя песьні трапіў нават у францускую паліцыю, але скора быў зноў выпушчаны на волю.

— Звар‘яцеў стары — вырашылі паліцэйскія — ня варта з ім мець справу, і махнулі на яго рукою.

А „Бірыбі“ зноў пачаў хадзіць з шынка ў шынок, зноў пачаў выпрашваць сабе шклянку віна, зноў стаў сваім старчым голасам пяяць сумныя песьні, якія хапалі за душу.

— Ну, дык што-ж „Бірыбі“ запяеш ты нам што небудзь сёньня? — не адставаў гаспадар.

— Не, сёньня я пяяць ня буду — нявесела адказаў „Бірыбі“ — няма настрою. Ды і пачаставаць мяне ты ня хочаш, Франсуа. А якія могуць быць песьні бяз чаркі?

У гэты час зноў адчыніліся дзьверы і ў шынок увайшлі новыя наведвальнікі.