Пазьней — у гадзін восем, дзевяць раніцы ў шынку зьяўляліся розныя партовыя чыноўнікі, якія важна выпівалі сваю шклянку віна і гутарылі з гаспадаром аб гарадзкіх навінах.
Пасьля наступаў кароткі перапынак у гандлі. Хіба толькі зойдзе квартальны вартавы ды спытае сабе таксама чарачку.
— Вам чаго загадаеце, пане Жыро? — пытаў ветліва гаспадар, — шклянку віна чырвонага, ці чарачку рому жадаеце?
— І ад таго і ад другога не адмоўлюся, пане Марсаль! — адказваў звычайна на такія пытаньні квартальны, папраўляючы абедзьвюма рукамі ліха закручаныя ўверх вусы, якімі ён вельмі ганарыўся.
Выпіўшы шклянку і закурыўшы сігару, прапанованую Марсалем, ён пакідаў шынок, паабяцаўшы расплаціцца другім разам.
— Нічога, нічога, пане Жыро — лісьліва гаварыў гаспадар шынка — аб такіх дробязях ня турбуйцеся памятаць. Гэта частаваньне было звычайнаю падачкаю квартальнаму, ад якога ў многім залежаў прыбытак шынку Марсаля. Але, бязумоўна, пры больш сур‘ёзных паслугах падзяка Марсаля не абмяжоўвалася шклянкаю віна ці пахучаю сігараю.
Правёўшы паліцэйскага, Марсаль садзіўся за прылавак і паглыбляўся ў чытаньне „Маленькага Марсэльца“ — любімай газэты гандляроў, крамнікаў і шынкароў раёну.
А дванаццай гадзіне шынок зноў ажываў. Праходзілі ўсе тыя-ж партовыя рабочыя, якія садзіліся вакол маленькіх дзеравяных столікаў, закусвалі хлеб з пліткаю шакаляду, запіваючы такое сьнеданьне шклянкаю тонкага чырвонага віна. Другія, якія зараблялі больш, бралі шклянку амэрыканскага грогга ці піконт — складана згатаваную сумесь з некалькіх сартоў сьпіртных напіткаў. Калі казаць праўду, то на такія выдаткі адважваліся толькі майстры ці самі прадпрыёмцы. Рабочыя-ж абмяжоўваліся галоўным чынам чырвоным віном ці півам.
Найбольшая жвавасьць у шынку Франсуа была вечарамі, калі сюды сыходзіліся найбольш каштоўныя для Марсаля кліенты — матросы, качагары і служачыя замежных параходаў, што разгружаліся ў марсэльскім парту.
Тады густы дым напаўняў шынок. Сіпла напявала нікчэмныя матывы да рэшты разьбітая ад занадта частага ўжываньня аўтоматычная машына. Ангельскія і амэрыканскія матросы, мяняючы тут-жа ў Марсаля свае фунты стэрлінгаў і доляры, бралі віскі, каньяк і лікёры. Жанчыны вуліцы без якіх ня можа абыйсьціся ні адзін у сьвеце, хоць колькі небудзь паважаючы сябе, шынок, блукалі тут паміж сталоў, прысаджваліся ля наведальнікаў, просячы пачаставаць іх ангельскаю папіроскаю ці чаркаю бэнэкдытыну. Іншы раз там і тут узьнікалі спрэчкі, мільгалі пры электрычным сьвеце нажы, чулася цяжкая вулічная сварка і лаянка.
А Франсуа Марсаль спакойны і паважны стаяў за прылаўкам, падлічваючы прыбыткі…