— Ну дык што-ж, міленькі, пойдзем ці што? — зноў прыстала нейкая старая простытутка да Дзюкло.
— Адчапіся, шэльма! — адрэзаў П‘ер і пашоў да другога выхаду з „Салодкай“ вуліцы.
— Бач, які пагардны знашоўся — пачулася ўздагон. Я ні такіх, як ты, абарванцаў бачыла. Графы і князі наведваюць і здаволенымі застаюцца!
І няшчадная лаянка праводзіла, прыбавіўшага свае крокі, Дзюкло.
— Чаго я, уласна кажучы, тут ня бачыў — з журбой падумаў П‘ер — чаго мне трэба тут? Можа выпіць хіба? Тады і на душы лягчэй будзе.
І ён, пакінуўшы „Салодкую“ вуліцу, накіраваўся да партовага шынка Франсуа Марсаля.
Порт маўчалівы і настарожаны, са сваімі цёмнымі і душнымі шынкамі, са сваім шматлікім натоўпам работнікаў галодных і халодных, таемны і пагрозны прытуліў беспрацоўнага П‘ера Дзюкло.
V
Партовы шынок (Франсуа Марсаля амаль ніколі не пуставаў. Ужо з самае раніцы, пасьля таго, як служанка Жулія на скорую руку вымые падлогу і сатрэ пыл з невялічкіх дзеравяных столікаў, Марсаль адчыняў свой шынок, які адразу перапаўняўся наведвальнікамі.
Першымі, каля шасьці гадзін раніцы, прыходзілі партовыя рабочыя. Іх худыя, змучаныя бядотай і непадсільнай працай твары гаварылі аб іх несалодкім жыцьці. Нявесела выпівалі яны сваю чарку таннага каньяку, калі ў кішэні быў яшчэ вольны пятак, ябо калі Марсаль згаджаўся даць напавер да палучкі. Хаця ён амаль ніколі не згаджаўся на гэта, бо ведаў, што ні адзін партовы рабочы ня міне і так яго шынка. І па колькасьці выданага Марсалем у крэдыт віна і каньяку можна было беспамылкова разважаць аб ступені ажыўленьня працы ў парту Марсэля. Былое гэтае працы даволі і кніга даўгоў Франсуа запаўнялася цэлым шэрагам цыфр і прозьвішчаў вінаватых рабочых. Ня было працы, наступаў у парту чарговы, вельмі часты за апошнія часы, крызіс, і Марсаль рабіўся глухім да просьбаў рабочых, адмаўляючы іншы раз нават у кубку гарачай кавы.
Партовыя рабочыя раніцамі ў шынку доўга не сядзелі. Яны сьпяшаліся ў порт, дзе кожны дзень роўна а сёмай гадзіне раніцы пачынаўся гандаль рабочай сілай, дзе прадпрыёмцы з соцень выбіралі сабе дзесяткі, а іншы раз адзінкі шчасьліўчыкаў.
— Ці пападу сёньня на працу? — непакойна думаў кожны рабочы, залпам выпіваючы чарку каньяку ці проста грэючы свае зьмёрзшыя ад ранішняга холаду рукі каля гарачае печы.
Удасца папасьці — значыць забясьпечаны дзень гарачым абедам, значыць жонка і дзеці будуць мець магчымасьць добра пад‘есьці смачна прыгатаванага макарону з кавалкам мяса. Не — тады падцягні мацней падпругу і забудзься пра абед.