∗
∗ ∗ |
— Грамадзянін, вы ведаеце куды ідзіцё?
Дзюкло падняў уверх галаву і паглядзеў. Проста перад ім з акружаючай цемры вылучалася адлучаная ад другіх вуліц туга працягнутаю вяроўкаю, такая брудная, як і другія, вуліца, ад пачатку да канца асьветленая шматзначнымі тут чырвонымі ліхтарамі.
— Калі хочаце, ідзеце сабе, — працягваў спыніўшы П‘ера паліцэйскі, але памятайце куды ідзіцё і галоўнае кашалёк свой захавайце глыбей У кішэню.
— У мяне, пане паліцэйскі, ніякага туга напакованага кашалька няма і ніколі ня было — адказаў П‘ер.
— Мая справа папярэдзіць — абыякава адказаў паліцэйскі — а там рабеце як ведаеце.
П‘ер падзякаваў за папярэджаньне і пашоў далей.
„Цукравая“ вуліца ад пачатку да канца перапоўнена дамамі цярпімасьці самай апошняе катэгорыі, карыстаецца вельмі дурною славаю ў Марсэлі. Бойкі, рабаўніцтва, шыбельніцтва тут самая звычайная справа.
І паліцэйскі, які стаіць круглыя суткі на пасту каля ўваходу ў гэту адгароджаную ноччу вяроўкаю вуліцу, нават ня здрыганецца на крык аб ратунку, што даносіцца іншы раз з дому цярпімасьці.
— Мне жыцьцё яшчэ не абрыдла — прагаворыць ён, адыходзячы, як найдалей ад небясьпечнага месца. Папярэджваў-жа я публіку, каб не хадзілі? Самі ведалі куды ішлі, дык і крыўдаваць цяпер няма на каго.
— Малады чалавек, заходзьце на хвілінку — крычалі П‘еру са ўсіх бакоў старыя і змучаныя жыцьцём простытуткі, якія сядзелі на ганках сваіх адчыненых пакояў — за тры франкі[1] поўнае здавальненьне.
Яны агідна ўсьміхаліся, тлумачачы цынічнымі рухамі захаванае значэньне і без таго ўжо зразумелых слоў.
Дзюкло ішоў не зьвяртаючы ўвагі на заклікі простытутак, аглушаны няспынным трашчаньнем разьбітых аўтоматычных машын, якія са ўсіх дамоў вуліцы на перабой тарабанілі нікчэмныя адны і тыя-ж матывы шаблённых танго, вальсаў і песень.
— Ратуйце! Ратуйце — пачулася раптам на „Салодкай“ вуліцы. Ратуйце! Забіваюць!
Нейкі шырокаплечы матрос у парванай сарочцы выскачыў на вуліцу і, размахваючы стальным кінжалам, крычаў на ўсю моц:
— Я табе пакажу, як ашукваць сумленнага чалавека! Я дабяруся да цябе.
Нейкага агідна ванітавала і ён, трымаючыся за ліхтарны слуп, жалобна плакаў, плёваючы і харкаючы. Нехта там у другім канцы вуліцы абліваўся пьянымі сьлязьмі, праклінаючы і бога і маці яго нарадзіўшую.
- ↑ Франк — каля 10 кап.