Перайсці да зместу

Старонка:Маладняк. 1929. № 7.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тоўпы багата адзетае публікі. А жанчыны густа напудраныя і нафарбованыя весела і гульліва сьмяяліся, заклікаючы да сябе багатых кліентаў.

У роце перасохла. Ад шматгадзіннае хадзьбы па горадзе млелі ад стомленасьці ногі і востра балела ў віскох. Шклянка добрага сьветлага піва здавалася цяпер П‘еру найвышэйшаю благасьцю яго сьціплых жаданьняў.

І доўга ня думаючы, ён штурхнуў рукою дзьверы бліскучага рэстарану.

— Сюды ўваход вам забараняецца, пачуўся над яго вухам ветлівы, але рашучы голас адзетага ў чорны фрак і ў белыя рукавічкі мэтр-отэля. Праходзьце далей, даражэнькі!

— Ах, так, ды я-ж беспрацоўны! — мільганула ў стомленай галаве. Ды я-ж адзеты ў рабочую блюзу!

Спрачацца яму не хацелася, тым больш што спрэчка магла-бы скончыцца паліцэйскім вучасткам. І стомлена паціснуўшы плячыма, Дзюкло ізноў вышаў на ўпрыгожаную, залітую рознакалёрнымі агнямі Канаб‘еру.

— Чалавек, бутэльку шампанскага кліко і гаванскіх цыгар — пачуў ён ужо з вуліцы нейчы прывыкшы да загадваньня голас.

— Гуляюць на нашых сьпінах! — са злосьцю падумаў П‘ер і моцна сьціснуў у кулак сваю шырокую, прывыкшую да цяжкае працы руку.

Адказам яму быў сьмех вулічнай жанчыны, якая прапаноўвала свае паслугі нейкаму маладому, з іголкі адзетаму, па апошняй лёнданскай модзе, элеганту.

П‘ер крута павярнуў з Канаб‘еры направа, прайшоў каля аграмаднага будынку палацу юстыцыі і марсэльскай біржы і, асьцярожна сышоўшы па брудных і сьлізкіх ступеньках гранітных усходаў, апыніўся ў рабочым квартале Марсэля — у так званым старым горадзе.

Стары горад з яго цэлым лябірынтам сярэднявяковых вуліц і завулкаў такіх вузкіх, дзе ніякім чынам ня змогуць разьмінуцца дзьве сустрэчныя падводы, з яго традыцыйным шумам і нявіданай гразьзю, адразу захапіў у свае абоймы Дзюкло, адлучыўшы яго, здавалася, непраходнаю сьцяною ад багатай Канаб‘еры, якая была ў некалькіх кроках.

Нейкія два абарваныя алжырцы — як відаць беспрацоўныя, стаялі каля сьцяны аднаго дому і з галоднаю прагнасьцю паглядвалі ў дзьверы рэстарану трэцяга разраду, адкуль даносіўся на вуліцу звон талерак і, казычучы нэрвы носу, пах печанай на дрэнным аліўкавым масьле, рыбы.

Алжырцы жвава аб нечым гутарылі паміж сабою, старанна шукаючы ў дзіравых кішэнях сваіх лахманоў. Але не знашоўшы, як відаць, ні аднаго грошыка, яны моцна вылаяліся і пашлі далей, хутка зьнікнуўшы ў аднэй з бакавых вуліц рабочага кварталу.

— Вось скора і я такім буду! — з жалем падумаў П‘ер, і бязмэтна пашоў далей, заходзячы ўсё глыбей і глыбей у нетры перакрыжаваных вуліц і глухіх перавулкаў старога гораду.