— Разьлік, дык разьлік — адказаў П‘ер. І бяз вашай эксплёататарскай ласкі буду жыць, ня турбуйцеся! І моцна стукнуўшы дзьвярыма канторкі ён вышаў з пакою майстра.
— Учарашні арышт П‘ера, як раз вышаў наруку, — падумаў пра сябе Альфонс. Такім чынам, і разьлічваем мы яго не за першае мая, а за другое. Усё вышла, як ня трэба лепей. Дырэктар напэўна будзе здаволен мною. А хлопца ўсё-ж як ніяк шкода трохі. Вясёлы быў такі, ды і працаўнік старанны.
Старшы майстар узяў тэлефонную трубку і пазваніў у габінэт Дэфранса:
— Ваш загад, пане дырэктар, выканан — П‘ер Дзюкло разьлічан мною.
— Якія прычыны звальненьня? — спытаў Дэфранс.
. Ён ня толькі першага мая, але і другога не зьявіўся на працу — і Альфонс падрабязна расказаў дырэктару аб прычыне звальненьня.
— За гэта бязумоўна трэба звольніць — згадзіўся са сваім старшым майстрам дырэктар, — усё адным бунтаром менш будзе на фабрыках Францыі, — дадаў ён.
IV
— Вось я і беспрацоўны! — жалобна ўсьміхаючыся падумаў П‘ер. Атрымаўшы свой тыднёвы заробак, ён зноў апыніўся на асфальтавым тратуары Ля-Корніша.
Дахаты ісьці не хацелася. Там чакалі яго хворы бацька і старая маці, якім прыдзецца сказаць усю горкую праўду, якім прыдзецца адчуць голад, холад і другія выгады беспрацоўя.
— Што скажу я ім на пацеху? — думаў Дзюкло бязмэтна ідучы ўздоўж берагу мора. Чым супакою іх? Можа пайсьці зараз пашукаць якой-небудзь другой працы — мільганула ў галаве. Хто ведае? А раптам усьміхнецца шчасьце!
І П‘ер, ня трацячы больш ні хвіліны, пашоў шукаць працы. Але надарма былі ўсе яго патугі — працы нідзе ня было. Усюды куды ён ні зьвяртаўся — на фабрыкі, на заводы, у парту — атрымлівае адзін і той-жа адказ:
— Няма, няма і няма!
Нарэшце стомлены бязмэтным блуканьнем па горадзе, змучаны маральна і фізычна, ён апыніўся, сам ня ведаючы як, у цэнтры Марсэля — на шырокай, высаджанай дрэвамі і залітай рэклямнымі агнямі Канаб‘еры.
Глыбока засунуўшы ў кішэні рукі ішоў Дзюкло па шырокім тратуарам Канаб‘еры, а думка аб беспрацоўі, аб голадзе, які чакаў яго і яго сям‘ю не давалі спакою.
Канаб‘ера пацяшалася. Чорнымі ценямі мільгалі па яе гладкім асфальтавым бруку таксі, і уласныя, лакам пафарбованыя аўтамабілі, даючы трывожныя гудкі, ланцугом праходзілі трамваі. Нагружаныя пакупкамі ці проста ад няма чаго рабіць спацыравалі па тратуарам узад і ўперад на-