узяцца, калі расчыніць зямля сваё гарачае плоднае ўлоньне.
Мы пойдзем у бой дружнай стройнай кагортай.
Мы пераможам...
Мы здамо свой першы вялікі экзамен...
Дарагі таварыш! Ня дзівіся і не наракай па мяне, калі нейкі час ня будзеш атрымліваць маіх лістоў. Я ўжо пісаў табе, што з кожным днём мне ўсё цяжэй знайсьці час і патрэбны настрой, каб больш-менш сыстэматычна апісваць свае ўражаньні: тэмп жыцьця, яго глыбокая дзейная насычанасьць не дае магчымасьці гэтым займаца. Адно, што я здолею зрабіць, гэта — каротка, на скоры сьпех занатоўваць у сваёй запісной кніжцы найбольш цікавыя моманты, каб пасьля, сустрэўшыся, расказаць табе пра іх. А найлепей — ведаеш што? — прыяжджай ты сам сюды, да нас, акуніся ў шумлівы вадаварот нашага бурнага жыцьця. Я ўпэўнены, што, апрача багатага матар’ялу для свае творчасьці, ты знойдзеш тут многа душэўнае сьвежасьці і жыцьцёвае сілы.
Прыяжджай, сапраўды — я чакаю цябе.
А пакуль што — бывай!..