Перайсці да зместу

Старонка:Лісты ад знаёмага (1931).pdf/88

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзячы на гэткую цеснату, у кожнай кватэры чысьценька і прытульна. Памытыя падлогі, акуратна прыбраныя ложкі, на сьценах сякія-такія аздобы, фотографічныя карткі, портрэты правадыроў. Дзеці ў большасьці здаровыя, сьвежыя, гаваркія — ведама, заўсёды разам, заўсёды ў вясёлай таварыскай грамадзе.

Мы пераходзілі з кватэры ў кватэру і дзіваваліся. І з агідай успаміналі сялянскія (ды ці толькі сялянскія?) хаты, дзе злучана разам і спальня, і сталоўка, і кухня, і хлеў, і ўсё, што толькі хочам, дзе людзі топяцца ў гразі і задыхаюцца ў смуродзе, дзе знаходзіць сабе прытулак усякая паганая пошасьць...

Некалькі пакояў у комуне вылучаны для хлапцоў і дзяўчат. Дзяўчаты зрабілі ўсё, што маглі, каб надаць свайму прытулку па-сьвяточнаму пазорны выгляд: там і кветачкі, і паперачкі, і стужкі, і ўсякая драбяза. У хлапцоў — больш проста і больш неахайна. Мы зацікавіліся, як яны абыходзяцца наогул з прыбіраньнем сваіх пакояў.

— Як калі. Часам дзяўчаты прыбяруць, а часам самі. Падлогу больш мыюць дзяўчаты.

— А хто вам мые бялізну?