праўленьня колгасу і што людзей патрабавала яна вартаваць яе сьвіран, у якім ссыпана абагуленае колгаснае насеньне.
А цётка гэта была невялікага росту і шчытная, камляватая, з бязьмежна дабрадушным тварам, з непамерна паважнымі і наіўнымі рухамі.
Назаўтрага ўраньні мы глядзелі абагуленае насеньне і сустрэлі яе ля «стратэгічнага пункту». Яна была заклапочаная і змардаваная.
— Я ўсё роўна ня спала цэлую ноч. Гэта-ж не сваё — па сваім, дык ліха яго бяры, а то-ж агульнае... мала, што можа прытрапіцца...
І конфідэнцыяльна, дакрануўшыся да рукі старшыні колгасу, яна паведаміла:
— Уначы падыходзіў нехта. Вышаў вунь адтуль, прайшоў тутака і падаўся ў цемру. Я крыкнула — стой! — дык ён — і ня ў той бок...
— Гэта мабыць Мікіта хадзіў правяраць варту...
— Дзе там! Мікіта падышоў-бы ці адгукнуўся. А я думаю, мужчынкі, во што трэба зрабіць... Хадзем-тка сюды...
Яна павяла ўсіх за сьвіран і шырокім жэстам паказала на нязграбную старую прыбудову, што закрывала заднюю сьцяну сьвірна.