Толькі злачынны экономічны лад мінуўшчыны мог выгадаваць гэткія дзікія ўласьніцкія інстынкты...
... Ну, сёньня ўжо годзе пісаць. Мае лісты, я заўважыў, разрастаюцца ў цэлыя «пасланьні» і пачынаюць займаць у маёй працы больш месца, чымся на гэта можна аддаваць цяперашнім часам. Усё-ж такі гэта — асабістая патрэба і больш забава, чым сур’ёзная справа. Ды й табе мабыць надакучыла іх чытаць...
Бывай!
Ліст шосты
Прамінуў мо’ з тыдзень, як я паслаў табе апошні свой ліст. Сёньня ня ўтрываў — узяўся зноў за пяро. Увушшу ў мяне няўпынна гучаць глыбоказначныя словы, якія пачуў я ўчора на сходзе:
— Дайце ёй гаварыць! Дайце жаль скінуць з сэрца...
Так крыкнула адна жанчына, калі старшыня сходу памыкаўся суняць суседку яе, што з вялікім запалам і зусім не да ладу сакатала пра жыцьцёвыя свае незадачы.