на балючае пяшчоты. У яго з роту цякла сьліна, а ён гэтага не заўважаў. Руплівым рухам яна абцерла яму бараду і дзелавіта зморшчылася — больш з жалю, чымся з агіды. Тады стары выцяг з кішэні брудную хустачку, прыклаў яе да барады і зноў нярухома застыў. Яна доўга ўзіралася ў яго, на вочы ёй набягалі сьлёзы, і твар крывіўся ў жаласна-пакутную міну. А заплакала яна абыкла і проста, не схаваўшы твару, не зьмяніўшы нават паставы.
Я потым бачыў іхняга сына. Ён апраўдваўся з нахабнай упартасьцю, з цынічным адчуваньнем свае сілы.
— Я не прысіляю іх... Калі ім дрэнна жыць у мяне, хай ідуць да другога сына... Хай там пажывуць, параскашуюцца...
Яго папярэдзілі, што, калі будзе так рабіць надалей, справа гэта трапіць у суд. Ён вінавата змоўк, стуліўся ва ўдаванай пакорнасьці. І здалося мне, што затоіў ён у сабе яшчэ большую злосьць, каб потым спагнаць яе на сваіх няшчасных бацькох...
Браце мой! Каб ты ведаў, як глыбока ўразіў і абурыў мяне гэты мо’ й нязначны мо’ й абычайны для нашае вёскі выпадак! Я спалучыў быў