Калі разважылі бабам дарэмную іхную трывогу, адна з іх уздыхнула і шчыра прызналася:
— Мне цэлую ноч тады ўсё труна сьнілася...
Наступны інцыдэнт быў такога парадку... Недзе ад дзьвярэй раптам пачуўся грубы басавіты голас, які пакрыў сабой шум усяго сходу:
— Таварышы! Прашу слова! Я ня ўпроціў, канечна, я добра ўсё разумею, але за што ён мяне голасу арашыў? Што я зрабіў яму, паскудніку гэтаму? Мальчонка, ува ўнукі гадзіцца мне, а ён мяне голасу арашае...
І дзядзька павёў без канца сваю гучную аполёгію, і ніяк не маглі яго ўціхамірыць, бо быў ён, як гэта зараз-жа высьветлілася, глухаваты.
А голасу яго «арашылі» былі ў тым сэнсе, што калі ён аднойчы на сходзе буяніў і перашкаджаў весьці працу, яго папрасілі пакінуць сход. Кулакі не прамінулі і гэта скарыстаць, распалілі ў ім крыўду, настроілі супроць колгаснага кіраўніцтва і зрабілі яго сваім трубадурам...
Было яшчэ шмат асабістых скаргаў. Адна жанчына ў парадку абгаварэньня колгасных спраў дала такое запытаньне:
— А ці парадак гэта ў колгазе выганяць уначы на вуліцу і сякерай пагражаць, га?..