Самае ганебнае для чалавека — быць рабом рэчаў. Наш селянін — раб у поўным сэнсе, гэтага слова. Ён раб свайго двара, свайго каня, каровы, апошняга дохлага парасяці. Я сам чуў, як у гутарцы пра абагуленьне жывёлы ў колгасе, адна жанчына з цьвёрдай праканаласьцю і зусім сур’ёзна гаварыла:
— Лепш аддаць дзіця роднае, чымся карову...
А таварыш адзін апавядаў мне, што ў другім месцы, здаючы жывёлу ў агульную колгасную маемасьць, мужчыны цалаваліся з коньмі, а бабы з каровамі...
Што? Мо’ расчуліўся? Мо’ сьляза набягае на вока?
Так, варта заплакаць, варта заплакаць ад злосьці — і абурэньня, што чалавек — раб жывёлы, што свае лепшыя пачуцьці, імкненьні свае, парываньні, якімі можна рушыць наперад сьвет, ён закопвае ў гнаі брудных хлявоў...
Прабачай, браце, што я мо’ не да рэчы ўдаўся ў разважаньні, але я шчыра жадаю, каб ты ў сваёй творчасьці блаславіў Вялікую Рэволюцыю, якая вызваліць чалавека ад апошняга рабства, ад рабства сваіх уласных рэчаў.
...Пах бэнзыны заменіць пах конскага поту і фабрычны гул — ціхую верацённую песьню...