(прынамсі ў тэй частцы, якую мне давялося чытаць) жаднае ацэнкі гэтае псыхолёгіі. Гэта не маленечкі недагляд, а органічная загана твайго роману, якая кладзе сьлед на агульную яго ўстаноўку.
Нам цяжка, да болю, да бязьмернае мукі цяжка ламаць сябе, пераварочваць сваё нутро, крывавымі шматамі вырываць з свайго сэрца з дзяцінства ўзрошчаныя пачуцьці. Згадзіся, Міхась, што ўсе мы, усе, каго выгадавала наша беларуская вёска, хварэем на гэта «цялё». Нам досыць убачыць якую-небудзь чэзлую шаўлюжку, досыць удыхнуць саладжавы пах конскага поту, досыць пачуць далёкае — надвячоркам — рыканьне каровы, і ў нас сьціскаецца сэрца невядомым жалем, і ў ружовым сьвятле ўсплываюць шчымлівыя ўспаміны: і буланы конік, і начлег з цяплом, з печанай бульбай, і бярозка на гумнішчы і — досьвіткам — цёплая ёўня ў гумне з сівым ласкавым дзедам, і верацённая песьня ў глухую зімовую ноч...
...Любіце чужое, але й свайго ня чурайцеся...
Няпраўда!.. Мана!.. Чурайцеся!.. Чурайцеся!.. Чурайцеся, калі хочаце жыць, калі хочаце ісьці наперад!..