насьць. Гэта — аграном з выглядам настаўніка даўнейшае ўтаракляснае школы. Дробненькі, сьціплы, стрыманы — здаецца, трымае сам сябе на туга нацягнутай вяровачцы. Трошку ганарыцца сваёю сталасьцю, гаворыць зважна і з націскам. Надвячоркам я бачыў яго ў местачковай сталоўцы. Ён сядзеў, абкружаны гурмай людзей і з гэтае гурмы адзін хлапец апавядаў пра Туркестан. Апавядаў галоўным чынам для яго, пазіраў на яго нясьмелым дапытлівым вокам, чакаў ягонае ўхвалы. Аграном усьміхаўся, ласкава ківаў галавой і далікатна папраўляў хлапца, калі той відочна маніў...
...Вось я зараз падумаў пра гэтага агранома: няшырокі і няглыбокі, спраўненькі, чысьценькі, як аркуш лінаванай паперы ў бухгальтарскай кнізе. Падумаў я так і спалохаўся. А што, калі ў гэтым сухім чалавечку бушавалі буры, калі перажыў ён боль глыбокіх трагедый, калі гэтай сьціпласьцю сваёй сьціснуў, здушыў ён непамерна імклівыя парываньні?
Сорамна стала мне за мае скорасьпешныя заключэньні...
Ну, годзе ўжо... Гаспадарская дачка сьцеле на тапчаны нейкае рызьзё, і я зараз засну расхрыстаным сном чалавека на паходзе. Бывай!..