Перайсці да зместу

Старонка:Лісты ад знаёмага (1931).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

карчомнага тыпу, вузкія голыя тапчаны вакол сьцен, грубы пасярэдзіне стол. Недалужная газоўка пэцкае куткі змрочным сьвятлом, карабаціць і без таго карабатыя сьцены.

Любы таварыш! Каб ты ведаў, як мне радасна тут! Ты, мабыць, сьмяешся? Мабыць дзіўна табе — бруд, змрок, голыя тапчаны. А мне радасна вось чаму: у гэтым катушку я адчуў самога сябе, адлучыў ад абыклага, нуднага сплёту будзёншчыны і, як кажуць юрыстыя, вярнуўся да першабытнага стану. За катушком, я чую, бурліць жыватворчы шторм — я заўтра акунуся ў яго буду новы і стары, даўнейшы — прада мной разгорнуцца прыгожыя і так патрэбныя мне пэрспэктывы.

— Я — романтык, ты гэта ведаеш. Мы ўсе романтыкі — усе, хто імкнецца да новага шчасьця, хто з захапленьнем і верай глядзіць наперад...

У нашай начлежцы, апроч мяне, яшчэ тры чалавекі. У Менску прамінаеш сотні, тысячы людзей, не зазірнуўшы нават у іхныя вочы. Тут я прыглядаюся да кожнага з настойнай, нават трохі нахабнай пільнасьцю, шукаю на кожным адбіткаў вялікага шторму. Я апішу табе маіх выпадковых знаёмых — мо’ скарыстаеш дзе ў сваёй літаратурнай творчасьці.