19
Finis coronat orus
Маладая дзяўчынка, дзяўчынка Алеся пабяжыць у поле — радасная і вясёлая. Сінія вочкі яе будуць цьвісьці яснымі васількамі на ружовым твары.
На полі шырокім бяскрайным морам будзе хвалявацца жыта.
Жыта будзе бліскучае, пышнае, як залатое руно.
Маладая дзяўчынка, дзяўчынка Алеся саўе сабе з жыта прыгожы вянок і пойдзе дахаты, сьпяваючы вясёлую песьню.
На поўдарозе спыніцца дзяўчынка Алеся, каб паглядзець, палюбавацца на свой вянок. Здыме яго з галавы, і зайскрыцца раптам агністаю радасьцю.
Яна ўбачыць, што з жытніх каласкоў пазьвісалі сьмешныя такія — цыбатыя, жоўтыя лапкі.
Пабяжыць тады дзяўчынка Алеся, паскача, як лёгкая маладая козачка, прыбяжыць ў сваю вялікую дружную сям’ю і закрычыць звонкім голасам:
— Гэй, комунары! Зірніце!.. Ужо красуецца жыта!..