Гэта была ціхім ласкавым надвячоркам, калі сонца сьвяціла асабліва чыста і мякка, калі зьляталіся ў свае прытульныя дамкі змардаваныя пчолы, а жаўранкі на полі здаваліся далёкімі-далёкімі, мінулымі.
Перад намі ляжала — ласкавалася чыстым смарагдавым бляскам сьвежая рунь. Ад яе ўзьнімаўся лёгкі салодкі пах — дзіўна знаёмы і сьветлы, як успаміны з дзяцінства. У самае сэрца ішоў гэты пах, пеніў яго хмельным уздымам — і жыцьцё, як гэтае поле, як гэтая рунь, — здавалася шырокім, вольным, дарагім.
Мой прыяцель павёў мяне на сваю паласу. Там старанна адмежаваны былі і адзначаны калкамі роўныя простакутнікі, якія ішлі адзін за адным усьцяж па палосцы і відочна адрозьніваліся сілай і багацьцём руні.
Зьмітра, як гаспадар гасьця, вадзіў мяне па паласе, паказваў свае дасягненьні і тлумачыў спакойным паквольным голасам:
— На гэтай дзялянцы расьсеяны супэрфасфат. Як бачыш, эфэкту амаль што ніякага. Тут — азоцістыя ўгнаеньні. Значна лепей. А найбольшы сьлед пакідае ўсё-ткі калійная соль. Бачыш, як вылучаецца тая дзялянка?