11.
Пра дзядзьку Макара
Дзядзька Макар высокі, кульгавы і надзвычай сумленны мужчына. Першы раз я ўбачыў яго ў канторы колгасу, калі ён з напружанай, блізкай да роспачы натугай мусоліў аловак, стараючыся падвесьці свой дзённы рахунак. Зьнясілены нязвыклай працай, ён беспасрэдна азіраўся навокал і жаліўся:
— Усё выходзіць, як сьлед: што надаілі, што завезьлі ў арцель, што выдалі колгасьнікам, што парасятам скармілі... Як да астачы дайду — блытаніна... Скажам, укісла... Ну, як яго тут паказаць, у якую грахву?..
Мы супольнымі сіламі разьвязалі яго неўразуменьне.
Дзядзька Макар даглядае кароў. Іншае работы ён ня можа рабіць — у яго хворая нага, ён зусім кульгавы. Але-ж гэты свой абавязак ён спраўляе з нязвычайнай стараннасьцю. Ён заўсёды непакоіцца, што мала робіць, што мала дае карысьці колгасу, і праз гэта страшэнна пакутуе. Часам глядзіць з трывогай на колгасьнікаў, і чакае, што нехта яго ўпікне за гультайства.