Перайсці да зместу

Старонка:Лісты ад знаёмага (1931).pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ведаў усе іхныя звычкі, усе асаблівасьці і дружыў з імі, як з лепшымі сябрукамі.

А было так, што затрымаўся ён ля аднае красуні-кабылы больш, чымся ля іншых, і не хваліў, не захапляўся, а стаяў моўчкі. І ўжо падаўся быў у вароты, адылі суняўся, яшчэ раз азірнуўся і сказаў — здалося мне, што сказаў ня толькі з захапленьнем, а й з жалем:

— Гэта — мая... Сам выгадаваў... Тры гадкі... Завадзкая...

І дадаў, нібы выпраўдваючыся:

— Дзьве дзесяціны зямлі меў... Але ўцяўся, каб зрасьціць жывёліну... Вунь якая яна... Нішто?..

...Сёньня мы з ім пасварыліся. Сёньня разыйгралася сцэна, над якой мне давялося глыбока задумацца...

Мы прышлі забіраць належных нам коняй. Старэйшы брыгадзір сустрэў нас нездаволеным доглядам, старанна хаваючы ў вачох хвосьцік тонкай хітрынкі.

На двары, ля стайняў стаяла з восьмера жарэбных кабыл.

— А дзе рэшта?

— Якая рэшта? Вось выбірайце. Колькі вам трэба? Чатыры? На любкі бярэце...