Перайсці да зместу

Старонка:Лісты ад знаёмага (1931).pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

атрымаць некалькі кулацкіх коняй — іх часова паставілі былі тут, а цяпер разьмеркавалі па ўсім кусьце.

Колькі дзён назад я быў у гэтым колгасе і аглядаў іхную гаспадарку. Яны багата жывуць. У іх увайшла ў колгас уся вёска — у іх многа рабочае сілы, многа рознае маемасьці. Коні іхныя слынуць на ўсю акругу, а зямля родзіць, як чорназём.

Мяне вадзіў тады па стайнях старэйшы брыгадзір — рухавы гаваркі дзядзька, пасьпешны і клапатлівы. Ён адчыняў кожную стайню шырокім урачыстым жэстам і ў захапленьні паведамляў набожна стрыманым шопатам:

— Жарэбныя кабылы... Э-эх, кабыліцы, першы сорт... У работу не бяром, ані-ні... Стаяць сабе, як пані...

Ён даваў мне хвіліну любавацца пышнымі, гладкімі клубамі кабыл, потым пачынаў выказваць сваё захапленьне, і зачыняў вароты з цяжкой марудлівасьцю, быццам ня меў сілы адарваць вачэй ад сваіх гадунцоў.

— А вось тут яшчэ...

І цягнуў мяне ў наступную стайню.

Ён жыў адно-гэтымі коньмі, аддаваў ім увесь свой час, клапаціўся аб іх, як аб сваіх блізкіх.