ласьці. Мітусяцца канюхі, зважна сягае «конскі» брыгадзір — загадвае, паказвае, падганяе.
Усё гатова. Хлопцы навыперадкі запрагаюць коняй, становяць на палазы зубастыя бароны і — гайда!
Поле расхінае перад імі свой разгонны прасьцяг. Ляжыць поле — гарачае, парнае — млее ў магутных абнімках сонца. Па полю ходзіць — ступае мяккімі лапкамі па ральлі аксамітны ветрык. Падскочыць, гарэза, скаўзанецца па твары (ласкотна-ласкотна!), пацярэбіць сарочку, за каўнер зашыецца, а тады раптам узьляціць высока-высока, у самае неба, і бразьне срэбнымі званочкамі — жаўранкавай песьняй.
Поле — у глыбокіх зморшчках леташняга ворыва. Трэба разгладзіць гэтыя зморшчкі, расчасаць іх спрытнымі грабянцамі-баронамі, прыладзіць мяккія, пасьцелькі для залатых зярнятак.
І вось. Стройнай чарадой пайшлі па полю — па шырокаму, роўнаму, бяз меж, без граніц — бадзёрыя паркі, дружна ўеліся ў зямлю сталёвыя зубы і пакінулі сьлед за сабой — пакінулі сьлед у дваццаць барон-паўгоняй ушыркі, ня менш!
Весела порскаюць коні, весела гукаюць, пераклікаюцца людзі, весела скача навокал гарэза-