Канец заяў аб выхадзе пераблытаўся з пачаткам заяў аб уваходзе нанава. Некаторыя з гэтых заяў — цэлыя дэклярацыі з прызнаньнем памылак, з дыфірамбамі колгаснаму будаўніцтву. А большасьць проста: згодзен з новым статутам і затым ўваходжу.
Ёсьць і гэткія:
Так как я неграмотная и старая женщина, смотря на другіх, выписываюшіх гр-н решила и я выписаться из колгаса. А теперь вижу все опять вступают, то и я хочу чтобы и меня приняли.
Просительница
У лічбах гэнэзыс колгасу такі: з першай пары было гападарак 120, пасьля адліло, асталося 41, і зноў прыліло — апошняя сталая лічба — 72.
Колгас астаўся жывы.
Вось — «справа атрыманых папер», гісторыя соцень людзей, частка бурнай гісторыі цэлага краю, частка сусьветнай гісторыі.
4.
Міжслоўе
У колгасным хляве роўма-раве завадзкі бугай, заклікаючы да сябе сваю невядомую дружыну.