Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ца, га? Каб я была на мейсцы пеўня — дык грэбавала-бы падобнымі курамі.

І да глыбіны абураная яна заварушылася на мейсцы.

Якраз на тую пару трапілася, што над катухом сядзела старая сава са сваім мужам і дзяцьмі.

Пачуўшы, што казала курыца,—а ў савы, ведама, вушы вельмі чуткія, яна прыплюшчыла вочы і махаючы крыльлямі, зашаптала: „Ня слухайце! Там кажуць страшныя рэчы! Ну, падумайце толькі, тутака ёсьць гэткая безсаромлівая курыца, што дзярэ з сябе ўсе пёры, прост перад пеўням. Так, так, я чула гэта сваімі ўласнымі вушамі.“

—„Ч-ш-ша! Не кажы гэтага пры дзецях“, — сказаў сава-бацька.

—„Я разкажу гэта толькі суседцы, саве, што жыве тутака ў другім панадворку. Ёй абавязкова трэба гэта расказаць“.

І доўга не мяркуючы яна разтапырыла крыльлі і паляцела ў суседні панадворак.

—„Гугу-у! Гугу-у!“—закугакалі совы, зьвяртаючыся да галубоў, якія сьціхамірна спалі ў сваей галубоўні.

—„Слухайце, слухайце, якая страшная рэч! Адна курыца, каб падабацца пеўню выдзерла сама сабе ўсе пёры. Ўсе да аднаго! Я сама бачыла. Ох, страшна! Яна ўжо, здаецца, замерзла“…

—„Дзе? Дзе? Дзе?“—загрукавалі галубы.

—„Тутака, тутака побач, у птушынцы. Нават сорамна апавядаць! Але паверце, мы самі бачылі!“ — крычэлі совы.

—„Няўжо-ж у нашым дворышчы дагэтуль яшчэ нічога ня ведаюць аб тым?“