— „Дык ідзі за мною,“—сказала нябошчыца.—„Разам з табою мы паляцімо туды, куды пакіруюць цябе твае думкі; нас ня будзе бачыць людзкое вока і мы заглянемо ў самыя патаемныя куткі чалавечага жыцьця і, перш, як прапяе певень ты павінен мне паказаць таго грэшніка, які асуджаны на вечныя мукі“.
І, мігавічна, бытцам лятучы на крыльлях мысьляў, яны апынуліся ў вялікім горадзе. Ўсюды, на ўсіх сьценах дамоў вогненнымі літарамі былі сьпісаны назовы ўсіх сьмяротных грахоў: і пьянства, і зайздрасьці, і прагавітасьці і жаналюбства — словам ўся сямі колерная стуга грахоў.
—„Ну, але, разумеецца, я так і мяркаваў, так і ведаў,—сказаў бацюшка: — тамака толькі і жывуць тыя, якія павінны быць засуджаны на вечны агонь.
І яны затрымаліся прад ярка асьветляным ганкам; шырокія сходы былі ўсланы мяккімі, дарагімі каберцамі і прыбраны кветкамі; з пышных пакояў ліліся згукі балёвай музыкі. Каля дзьвярэй стаяў брамнік, апрануты ў шоўк і аксаміт, з вялікаю срэбнаю булаваю.
—„Наш баль ня згорш царскага!“ Сказаў ён фанабэрыста аглядаючы цікавых людзей, якія клуміліся каля ганку. І разам з гэтым з яго вачэй і выразу аблічча праглядала думка:—„Ўсе вы, што стаіцё тутака, перад ганкам, галадранцы і нікчэмнасьць ў параўнаньні са мною“.
—„Пыха“,—сказала нябошчыца.—Бачыш ты яго?“ —
—„Бачу“- сказаў бацюшка.—„Але гэта маларазумны чалавек, які, праз сваю бязмыснасьць не заслугоўвае на пякельныя мукі.“