Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СОН.

У садзе цьвілі яблыні,—яны перш здолелі прыбрацца кветкамі, чым апрануліся ў зялёнае лісьцьця, а па панадворку спацыравалі качаняты і кот таксама; хаця, праўду кажучы, ён больш лежаў на сонейку і зьлізваў яго цеплату са сваей лапкі. А калі глянуць на поле, дык там было яшчэ лепш: высокае збожжа было такое цудоўна-зялёнае, птушкі так голасна і вясёла шчабеталі што здавалася бытцам прыйшло вялікае сьвята. Хоць і запраўды, дзень быў сьвяточны — была нядзеля. Званы гудзелі; людзі прыбраныя ў сьвяточныя вопраткі ішлі у царкву і мелі такі вясёлы і радасны выгляд. Так,: усе наўкол пазіралі вясёла і радасна. Дзень быў такі цёплы і жыватворны, што нельга было не падумаць як бязмерна ласкавы да нас Усемагутны Бог.

А ў сярэдзіне царквы на амбоне стаяў бацюшка і голасна і злосна казаў: што ўсе людзі грэшныя, што Бог іх пакарае, што ўсе грэшнікі, калі памруць, трапяць у пекла, дзе будуць гарэць і пражыцца ў агні. І яшчэ казаў ён, што чэрвяк, які будзе тачыць іх, ніколі не памрэ, агонь ніколі не згасьне, што ніколі ня будзе ім адпачынку і супакою. Страшна рабілася слухаючы яго. Ен казаў з такім вялікім пераконаньнем, пераказваў так выразна ўсе мукі пекла, гэтага смораднага бяздоньня, куды сьцекаецца ўся нечысьць сьвету,—што ажно валасы на галаве рухаліся. — Тамака,—казаў ён,—німа другога паветра, апрача гаручага серчанага дыму, тамака німа пад нагамі цьвёрдага грунту, і яны—грэшнікі—будуць вязнуць усё глыбей і глыбей у бяздоньне.