Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Вельмі цешыўся ён з таго, што перацярпеў так многа гора. Толькі цяперака ён зразумеў свае шчасьце і ўсю прыгожасьць жыцьця. А вялікія лебядзі плавалі наўкруг яго і цалавалі яго сваімі дзюбамі.

У сад прыбегла некалькі дзетак. Яны пачалі кідаць у ваду хлеб і зерняты, і адзін з іх закрычаў.

Вось, яшчэ новы лебядзь!

Рэшта дзетак таксама вясёла зашчэбетала:

—„Ага, новы лебядзь, новы лебядзь! і кляскаючы ў далоні і скачучы, пабеглі сказаць бацькам і, пасьля, зноў пачалі кідаць у сажалку хлеб, пірог і ўсе дзеці крычалі:

—Новы лебядзь прыгажэйшы за ўсіх. Такі малады і такі цудоўна-прыгожы! І старыя лебядзі нізка пакланіліся яму, як прыгажэйшаму і маладзейшаму.

Яму зрабілася вельмі сорамна, і ён схаваў галаву пад крыло. Ён сам ня ведаў, што яму рабіць; ён быў вельмі шчасьлівы, але ні крышкі ня горды, бо ў добрым сэрцы ніколі німа гордасьці. Ён думаў аб тым, як яго ганялі, як сьмеяліся з яго. І адначасна чуў, што ён прыгажэйшы ад усіх прыгожых птушак. Нават бэз схіліў да яго свае галінкі, а сонейка сьвяціла так ясна і міла! Зашурчэў ён крыльлямі, выцягнуў гібкую шыю сваю і радасна, шчыра, ад серца сказаў:

„Аб такім шчасьці мне і ня сьнілася тады, калі я быў брыдкім качанём“.