Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Яшчэ зіма не саўсім скочылася, а ён змушаны быў лежаць каля балота, покуль сонца не прыгрэла зямлю так, што запеялі жаўваранкі і зазялянела трава.

Пачалася цудоўная вясна.

Качурок ужо мог распасьцёрці крыльля. Цяперака на іх было шмат белых пёраў і яны нясьлі яго лёгка і шумелі ў паверты мацней як да гэтага. Скора ён даляцеў да вялікага саду, дзе цьвілі яблыні, грушы і другія розныя дрэвы, а пасярэдзіне саду была вялікая сажалка. О, як тутака было прыгожа і радасна. І, вось, з за древаў паказаліся тры дзіўных белых лебядзі; яны шуршэлі крыльлямі і лёгка плылі па вадзе. Качурок знаў ужо гэтых цудоўных птушак і неяк асабліва маркотна зрабілася яму.

„Я падплыву да іх, — падумаў ён, — да гэтых цароў над птушкамі, ніхай яны забьюць мяне за тое, што я такі брыдкі… Ніхай забьюць! Лепш быць забітым лебядзям, як знасіць пабоі ад качак ці курэй, ці папіханьня дзевак, дагледаючых птушак, ці зімаваць пад печчу“.

І качурок паплыў да іх на сустрэч; лебядзі ўбачылі яго, замахалі проста на яго сваімі белымі крыльлямі.

„Забійце, забійце мяне!“ — зашаптаў ён, бедненькі, схіляючы галаву над вадою і чакаючы сьмерці. Але што ўбачыў ён у люстраной вадзе? Убачыў самаго сябе, ды толькі ня ў выглядзе брыдкога качаняці, а цудоўным лебядзям.

Не беда радзіцца паміж качкамі, калі да нарадзін ляжацімеш у лебядзіным яйку.