Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Толькі ён ня зайздраваў ім. Яму і на думу не прыходзіла жадаць сабе такога шчасьця. Бедны „качурок“ быў бы задаволены, каб яго хаця качкі не праганялі ад сваей кампаніі.

А зіма была сьцюдзёная, сьцюдзёная. Каб не даць вадзе замерзнуць, качаняці прыходзілася не перастаючы плаваць; але з кождай ноччу атворына, ў якой ён плаваў рабілася усе меншай. Качурок напружаючыся працаваў нагамі, каб перашкодзіць вадзе саўсім заледзянець. Урэшце ён так змарыўся, што самлеў і лёд яго, сьціснуў і замарозіў.

На пяродадні прыйшоў на гэтае мейсца селянін, убачыў умерзлага, разьбіў ботам лёд і занёс качанё да хаты. Тутака ён зноў аджыў.

Яго трымалі пад печчу і рэдка калі яму прыходзілася бачыць праменьчык сьвятла.

Раз, калі ўжо падыходзіла вясна і качанё вылезла са свайго падпечка. дзеці хацелі пагуляць з ім, але качурок падумаў, што яны мяркуюць скрыўдзіць яго і з перапалоху кінуўся проста ў жбанок з малаком. Малако перавярнулася; гаспадыня ўскляснула рукамі, а качурок, саўсім зьбіўшыся з панталыку трапіў адтуль у бочку з дзёгцям, а стуль у скрынку з мукой і гэтак далей… Божа, на што ён быў падобны! Гаспадыня веращала і ганялася за ім з качаргою, дзеці, таксама, адно перад другім, стараліся яго злавіць і крычалі і іржалі на ўсё горла. Добра, што дзьверы былі адчынены і качурок мог выляцець на вуліцу. Тутака ён зваліуся саўсім змораны.

Было бы вельмі жаласна, каб пераказваць усё тое, што прыйшлося зазнаць беднаму качаняці.