Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

аздоба і найвялікшая азнака, якую толькі можа атрымаць качка; яна значэ, што гэткую качку баяцца згубіць і што яна дадзена качцы дзеля таго, каб людзі і жывіна маглі адрожніваць яе ад другіх. Ну, ідзеце, ідзеце! Ды ня чапляйце нагі за нагу; добра выхаванае качанё, заўсёды павінна хадзіць крыху растапырыўшы ногі… Вось глядзіце на мяне! Ну, цяперака кланяйцеся і скажыце: Квак-к!“

Качаняты зрабілі, як навучала маці, але другія качкі, якія былі тутака, пазіралі на іх і голасна казалі.

Ну от, нашага брата яшчэ прыбыла. Бытцым і бяз іх вас мала! А да таго—фэ!—якоя гідкае адно з гэтых качанятаў. Не, гэтага мы не дапусьцім!“—І адна качка зараз-жа падбегла да брыдкага качаняці і дзюбанула яго ззаду.

„Не чапай яго, — сказала маці,—ён жа нікому нічога, а ты за што яго!“

—„Ды ён лішне вялікі і зусім не падобны да нас,—заквакала тая, што дзеўбанула,— дзеля гэтага і варта яго біць“.

—„Вельмі прыгожыя у вас дзеці, — сказала важная качка з ганучаю на назе,— ўсе вельмі прыгожыя, апрыч, вось, гэтага аднаго: ён вельмі ўжо не ўдаўся, варта бы яго перарабіць!“

—„Не, ня трэба, ваша сьветласьць, — сказала маці: ён праўда, непрыгожы, але вельмі добры і плавае ня горш ад другіх, нават, маю сьмеласьць сказаць, што лепш. Я пераконана, што з часам ён стане прыгажэйшы і зробіцца меньшы… Ён вельмі доўга лежаў ў яйку і дзеля гэтага выйшаў не такім, як трэба“…