Перайсці да зместу

Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэта былі добрыя і благія справы цара, гледзячыя ў той час, як сьмерць сядзела на яго грудзёх.

„Гэта ты памятаеш?“—пыталі адны па другіх.—„А гэтага не забыўся?“—І яны апаведалі так многа, што на яго чале выступіў ўрэшце, сьцюдзёны пот.

„Гэтага я ніколі ня ведаў“—закрычаў цар.—Музыку, Музыку сюды! Бійце ў вялікі кітайскі бубен, каб я ня чуў таго, што яны тут кажуць.

А благія і добрыя справы далей гаварылі і сьмерць нібы парцэляновы кітаец, ківала галавою пры кождым іх слове.

„Музыку! Музыку“!—крычаў цар.—„Мая мілая, добрая птушка! Сьпевай, сьпевай! Я ж табе падараваў так многа золата і ўсякіх скарбаў, я павесіў табе на шыю мой залаты пантофаль. Дык чаму-ж ты не пяеш?“.

Але птушка маўчала; у апачывальні не было нікога, каб накруціць яе, а бяз гэтага яна не магла пеяць. Між тым сьмерць таксама глядзела на цара сваімі вялікімі пустымі ямамі для вачэй,—і ў палацы было так ціха, так страшна ціха.

Раптам перад вакном пачуўся чароўны сьпеў на галінцы дрэва сядзеў маленькі жывы салавей. Ён дачуўся аб цяжкай хваробе свайго цара і прыляцеў каб запеяць яму песьню уцехі і надзеі. І ў меру таго, як ён пеяў, мары рабіліся ўсё менш і менш выразнымі, кроў у слабых жылах цара пералівалася усё шпарчэй і шпарчэй, і нават сьмерць слухала і казала; „Сьпевай яшчэ, міленькі салавей, сьпевай!“.

— „Так, я буду сьпеваць казаў—салавей,—але аддай мне за гэта залатую шаблю, аддай багаты сьцяг, аддай карону цара!“.