Старонка:Ластоўскі Андэрсэн.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

начнога століка“ і па свайму становішчу ён лічыўся першым з левай царскай рукі, таму што цар прызнаваў самым важным толькі левы бок, у якім знайходзіцца сэрца. А ў цароў сэрца бывае, як і ў другіх людзей, таксама з левага боку. Обер-салавейшчык напісаў аб штучнай птушцы твор на двадцаць пяць тамоў, твор гэты быў вельмі мудры і доўгі, складзены самымі труднымі кітайскімі знакамі; ўсе кітайцы казалі, што яны перачыталі яго і зразумелі, бо інакш іх палічылі-бы глупымі.

Так прайшоў цэлы год. Цар, дваране і ўся рэшта кітайцаў ведалі на памяць усякую малюсенькую нотку ў песьні штучнай птушкі. І толькі дзеля гэтага яна ім цяперака падабалася больш, чым калі небудзь раней: яны маглі пеяць тое самае, як і яна, і пеялі бяз упынку. Вулічныя хлапчаняты ўсе прыпевалі „ці-ці-ці ку-ку-ку“, і цар таксама.

Але раз вечарам, калі птушка пеяла надта старэнна, а цар лежучы ў ложку слухаў яе,—раптам у сярэдзіне птушкі нешта трэснула. Затым забразджэла, ўсе калёсікі ў цаццы замітусіліся, і музыка спынілася.

Цар тойчас саскочыў з пасьцелі і паслаў па свайго доктара; але што мог парадзіць доктар? Паслалі па зэгармайстра; пасьля доўгай гутаркі і агляданьня ён, сяк так, паправіў птушку, але сказаў што з ёю трэба абходзіцца вельмі асьцярожна, бо валікі пасьціраліся, а зрабіць новыя, так, каб музыка іграла без фальшы, немагчыма. Вельмі засумавалі ўсе кітайцы. Цяперака яны маглі слухаць птушку толькі адзін раз у год, ды і гэтага было для яе зашмат. Але обер-салавейшчык сказаў пра-