Старонка:Кіслякоў Я. Чарговыя пытанні зямельнай палітыкі.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ЗЯМЕЛЬНАЯ ПОЛІТЫКА

Чарговыя пытаньні зямельнае політыкі.

I.

Малазямельле было заўсёды найбольш балючым пытаньнем нашай вёскі. Рэволюцыя Кастрычніка, перадаўшы працоўнаму сялянству больш паўмільёна дзесяцін панскай зямлі, паслабіла гастрату малазямельля, але не разьвязала пытаньня канчаткова. Цяпер мы зноў стаім перад усёй велічынёю гэтай проблемы. Трэба зноў шукаць шляхоў дзеля замаганьня з усімі цяжкімі праявамі малазямельля ў вясковым жыцьці.

У гэтым пытаньні мы павінны перш за ўсё выразна ўявіць сабе, што за хвароба — малазямельле, наколькі яна распаўсюджана ў нас, і чым яна галоўным чынам выклікаецца.

Малазямельле бывае дваякае: 1) безадноснае, ці абсолютнае і 2) адноснае. Паміж імі трудна правесьці мяжу, бо яны адрозьніваюцца больш па колькасьці, чым па якасьці.

Але ўсё-ж пад безадносным малазямельлем разумеюць такую колькасьць зямлі на гаспадара, на якой ён ня можа набудаваць гаспадаркі больш-менш прыстасованай да існуючых ўмоў гаспадараваньня. Пад адносным малазямельлем разумеюць тое зьявішча, калі пры існуючай сыстэме сельскай гаспадаркі сялянства ня можа ўкладаць у сваю гаспадарку цалкам усю працу свае сям’і. Частка гэтае працы не выкарыстоўваецца і прападае дарма.

Мы адчуваем абодвы віды малазямельля. У нас на аднаго вясковага жыхара прыпадае сельска-гаспадарчай зямельнай плошчы менш чым ува ўсіх іншых краінах. Па падлікам проф. Грыгор’ева мы маем у вёсцы каля 50 проц. безпрацоўя (пры нашай прымітыўнай тэхніцы). Гэтага ўжо даволі, каб праканацца ў наліччы адноснага, агульнага малазямельля дзеля ўсяго сялянства.

У гэтым агульным малазямельлі мы маем таксама і абсолютнае малазямельле дзеля значнай колькасьці нашага сялянства. Каля 25 проц. сялянскіх двароў маюць менш паўдзесяціны пахаці і сенажаці на 1 душу, гэта знача, на 1 гаспадарку менш 3 дзесяцін. На гэтай плошчы, калі яна ня блізка да гораду, весьці гаспадарку немагчыма. Пры такой плошчы зямлі гаспадару трэба йсьці або ў парабкі да больш заможнага суседа ці ў горад на заробкі, або шукаць сабе шчасьця ў чужых краёх шляхам перасяленьня.

Як бачым, у нас ёсьць адно і другое малазямельле. У пахаджэньні іх ляжыць агульны корань — гэта тое, што лік насельнікаў