Старонка:Купала Жалейка 1908.pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

«Ци ў леси, як пойдзе табе сеч бярвення,
«Але забий тольки, ня бойся сумлення!»
Яшчэ с сабой вальчэ, яшчэ аглянуўся
На кут, дзе абраз быў; душой страхануўся;
Схвациў тапор востры рукой подлай, смелай,
И выскачыў с хаты глухи, азвярэлы.—
А хмары на неби ишли и стагнали,
И якбы бязбожнику грозна крычали:
— «Апомнися, грэшны, вярнися да дому!
«Аб гэтым ноч-маци не скажэ ни кому».

У вйосцы, так кажуць, жыве люд шчаслива,
Сжываецца з горам, и с працай, и з нивай;
У вйосцы у цихай люд, кажуць, меньш грэшэ,
Пакусаў меньш мае, малым сябе цешэ.
И сцэнаў крывавых меньш найдзем у вйосцы;
Ну, праўда ж, як грушы растуць на бярозцы!
И ў местах, и ў вйосках шальмоўства вядзецца,
А тольки у месци скарэй хто упьецца,
Скарэй и сагрэшэ, другога закрыўдзе;
У местах няўмысне сабаку забиў дзе,
А ўжо на свет цэлы разбрэшуць газэты,
Як бы генералам сабака быў гэты!
А ў вйосцы ж прыгледзься на крыўды, на слйозы,
Што выльюць напрасна у спеки, ў марозы,
Што за сабак згине людзей нишчасливых,
У лесе пад дрэвам, з натуги на нивах,
А скольки на цйомных святлейшых чыгае,
И больш дзе хто с працы других карыстае?