Старонка:Купала Жалейка 1908.pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„Нашэй Доли“.

Першай беларускай газэце.

Гэй! ўсе разам без патоли,
Беларусы-дзеци!
Пашлйом дзякуй «Нашэй Доли»,
Роднинькай газэце.
Нам яе радзимай далей
Ня будзе ўжо браку;
Шмат гадкоў шчыра чакали,
А цяпер—ой, дзякуй!
Дзякуй тым, хто нашу мову
Родную ўскрэшае;
Хто цямноты ў родным слову
Нашы распрашае.
Дзякуй! и хай «Наша Доля»
Часцей к нам прыходзе;
А з ей праўда и з ей воля
Зажыве ў народзе.
Праўда, шмат расце бадыляў
Нам на сцежцэ нашэ;
А магила пры магили
Дзикай пусткай страшэ;
Але «Доля» хай адважна
Ляциць к нам, загнаным,
К грамадзе нашай сермяжнай,
К горам гартаваным.
Ўрагоў нашых рык шакали
Не страшэн и ўгрозы,
Бо, бо нас узгадавали
Кнут, кроў, пот и слйозы.