Перайсці да зместу

Старонка:Культурнае рабства (1939).pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

значэньне пераймо у спадчыне свайго роду «камплексу нізшасьці», як плоду паравяковага залежнага жыцьця беларускага народу. Камплекс собскае нізшасьці перадаваўся з пакаленьня ў пакаленьне, як заразная хвароба, і стварыў гэтыя нявольніцкія склоннасьці ў псыхіцы некаторых Беларусаў.

Мы сказалі, што беларускі культурны раб азначаецца пагардай да сябе і свайго і на ўсё глядзіць вачмі пана. Пан-жа «літуецца» над рабамі і даказвае ім, што яны не зьяўляюцца поўным нулём, але нейкай часткай яго панскай істоты. Пан дапушчае рабоў у сваю культурную грамадзкасьць, як радню, a ня купленых дзесь на міжнародных рынках чужаземных іншапляменных нявольнікаў. Падчырківаем гэты мамэнт «радні» з панам, бо ён для культурных рабоў мае колёсальнае значэньне ў сэнсе ўспакаеньня іхняга рабскага сумленьня. Ведаць, што сам пан міласьціва залічвае іх побач з іншымі чужапляменьнікамі, якіх у яго многа, да свае супольнасьці, для нявольніка важна. Тады раб ня чуе сябе ізаляваным, нейкім прыблудай, а толькі «сябрам» панскай культурнай цэласьці. Лічучы раба «сваім», пан загадвае яму прапагаваць гэтае «ганаровае радство» між сваімі аднапляменьнікамі і адначасна шырыць пагарду да тых, каторыя гэтага «радства» выракаюцца. Гэткім парадкам асыміляваныя культурна Беларусы на перабой заганяюць беларускую культуру да расейскай або польскай. Сам тэрмін «беларуская культура» выклікае ў гэтых людзей абурэньне. «Какая может быть бѣлорусская культура»? — Co to jest kultura białoruska»? — іранічна пытаюцца гэтыя асобы паходзячыя часта з аднае беларускае сям’і і ў найлепшым прыпадку паціскаюць плячмі. Згодна з загадам сваіх паноў, яны прызнаюць беларускую культуру, як малазначную народную творчасьць у рамах вялікіх польскіх або расейскіх культурных дасягненьняў. У сьляпой адданасьці сваім панам, гэтыя асыміляваныя Беларусы ня хочуць бачыць абсурдальнасьці сваіх вывадаў, паіменна, што беларуская культура, якая-б ня была яе параўнальная вартасьць, ня можа быць адначасна польскай і расейскай. Залічаньне яе да расейскай тым самым выключае думку аб яе польскасьці і наадварот. Але гэтая супярэчнасьць, як аказваецца, зусім ня псуе адносінаў між нявольнікамі розных паноў. Ідзе аб тое, што паны гатовы лепш дапусьціць гэтую абсурдальную супярэчнасьць, над якой можна падыскутаваць, чымся пагадзіцца з існаваньнем асобнай беларускай культуры і гэтым дапусьціць у сваё асяродзьдзе небясьпечнага бунтаўніка. Нэгацыя беларускасьці, як нейкай апрычонай культурнае цэласьці, лучыць паноў і рабоў. Успомненая-ж абсурдальная супярэчнасьць выклікае толькі «навуковую» дыскусію, ведзеную галоўна беларускімі рабамі. Паўстаюць вялізарныя томы «навуковае» макулятуры, з помаччу каторай Беларусы «двух культур» у помач сваім паном стараюцца даказаць польскасьць