Перайсці да зместу

Старонка:Культурнае рабства (1939).pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Мы ня будзем зьвяртацца ў мінуўшчыну, каб вытлумачыць гэтае зьявішча, хоць і тады ўжо ў нас гэтае рабства пашыралася. Досыць успомніць ведамы сказ тагачасных напалавіну засыміляваных культурна Беларусаў гаварыўшых аб сабе: «gente Ruthenus, natione Polonus», ды ведамы зварот з прамовы смаленскага кашталяна Мялешкі, сказаўшага аб гэткіх рабох, што яны хоць і свая косьць, але абрасла сабачым мясам і ваняець. Здаецца, што культурнае рабства часткі нашае інтэлігенцыі можна выясьніць іншымі дзейнікамі, а галоўна псыхолёгічнымі.

Інтэлігенцкім культурным рабом у некаторай ступені трэба нарадзіцца. Трэба ад нараджэньня мець прэдыспозыцыі да рабства. Рабская псыхіка ў чалавека з псыхічнымі склоннасьцямі да няволі, калі ён апынецца ў спрыяючых умовах, багата разаўецца. Нявольніцкія прэдыспозыцыі будуць пхаць абдзеленага імі інтэлігента да шуканьня сілы-пана, у рабства якой гэткі інтэлігент дабравольна йдзе коштам рэзыгнацыі з сваей людзкой годнасьці. Гэтае рабства дае яму духовы супакой, парадкавае яго сумленьне. Гэткі інтэлігент пачынае глядзець на сябе самога вачмі свайго пана, будзе згадваць яго волю і паступаць са сваімі гэтак, як паступаў-бы пан, калі-б быў на ягоным месцы. А якія-ж спрыяючыя ўмовы патрэбны дзеля разьвіцьця рабскіх прэдыспозыцыяў. Ясна, ідзе тут аб умовы створаныя дадзеным панам, трэба трапіць у сфэру ягоных уплываў.

Гэткім парадкам культурнае рабства беларускага інтэлігента з нявольніцкімі склоннасьцямі азначыцца паводле таго, у якога пана ён апынецца. Беларусы расейскае культуры маглі-б быць дужа добра польскай, і наадварот, бо іхняя культурная асыміляцыя залежыць ад таго, куды яны перш трапілі і якой атмасфэрай перш дыхалі. Гаворачы аб людзях з псыхічнай склоннасьцю да культурнае асыміляцыі, мы, зразумела, ня маем на мэце тых, якія з карысных мэтаў пакрываюць сваю прыналежнасьць да расейшчыны ці польшчыны. Маем на мэце толькі тых культурных рабоў, якія працуюць на свайго пана бязінтэрэсоўна, сумленна. Гэткія Беларусы ў кожных найнепамысьнейшых абставінах будуць працаваць на карысьць асыміляваўшае іх культуры. Годзі ўспомніць для прыкладу, колькі Беларусаў з усей адданасьцю працуе між расейскай эміграцыяй бяз усякай матарыяльнае нагароды. Ведама агульна, што ўмовы іхняе працы з кожнага гледзішча вельмі цяжкія, аднак гэта іх ня пужае. Тут якраз мо’ маем клясычны прыклад культурнага рабства часткі Беларусаў з паходжаньня, прыклад сьляпой адданасьці свайму пану.

Ці апрача псыхічных склоннасьцяў да рабства ёсьць іншыя яго прычыны, — гадаць ня будзем. Лічым гэтую прычыну найважнейшай. Іншая рэч, скуль бяруцца гэтыя рабскія прэдыспозыцыі ў натуры чалавека. Магчыма тут мае сваё