Перайсці да зместу

Старонка:Культурнае рабства (1939).pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная
М. ШКЯЛЁНАК

Культурнае рабства

Маем на мэце тых Беларусаў з паходжаньня, каторыя асыміляваліся культурна, прыняўшы «вышшую» польскую або расейскую культуру. Гэткіх Беларусаў асабліва шмат можна спаткаць між нашай інтэлігенцыяй, як даваеннай гэтак і пасьляваеннай. Людзі гэтага тыпу лічаць сябе нават Беларусамі, але кажуць, што культурна яны Расейцы або Палякі. Гэтае ненатуральнае злучэньне паняцьцяў магчыма толькі пры поўнай нэгацыі самастойнасьці беларускае культуры. Апошняя ў іх разуменьні мае зьмясьціцца ў рамах польскасьці або маскоўшчыны, як нешта рэгіёнальнае, нязначнае, над чым ня варта спэцыяльна працаваць. Зразумела, што гэта культурная асыміляцыя вядзе няўхільна і да ацыміляцыі дзяржаўнай, інакш палітычнае. Гэткія Беларусы пераважна зьяўляюцца больш ці менш выдатнымі расейскімі і польскімі дзеячамі. З пільнасьцю, уласьцівай усякім нэафітам, яны шыраць у нас расейскую і польскую культуру энэргічней ад запраўдных Палякоў і Расейцаў.

Гэткага адношаньня да чужых культур ня можна інакш назваць, як рабствам, а засыміляваных культурна Беларусаў — рабамі. Паняцьце раба супануе заўсёды паняцьце пана. Немагчымы раб, які-б нікому ня служыў. Панам можа быць ня толькі фізычная асоба, але і адарванае паняцьце, як прыкладам чужая культура. Характэрнай азнакай узаемаадносінаў між рабам і панам ёсьць сьляпое, бязкрытычнае служэньне чужым панскім інтарэсам. Раб, які пачынае крытыкаваць свайго пана, або разумець, што служа чужым інтарэсам, ужо ня будзе рабам. Побач з гэтай сьлепатой і бязкрытыцызмам у раба наглядаецца заўсёды пагарда да сябе, да свайго. Дзякуючы гэтым азнакам у старажытнасьці раба лічылі проста прадметам. І гэта правільна, бо немагчыма лічыць поўнавартасным чалавекам адзінку, якая сама сябе чалавекам лічыць ня хоча, а прыраўноўвае сябе да панскае жывёлы, мэбляў і г. д. Кажуць: «рабы ненавідзяць сваіх паноў». Вось-жа гэткіх рабоў немагчыма лічыць рабамі. «Узбунтаваныя» рабы ўжо не рабы. Гэта людзі, якія пачынаюць разумець свае інтарэсы і імкнуцца да вызваленьня. Маем на мэце толькі рабоў сьляпых, адданых бязкрытычна пану. Гэткім панам, як зацемлена вышэй, можа быць і чужая культура.

Рабоў у вапошнім разуменьні мы, Беларусы, маем поўна. Хіба ня знойдзецца сьведамага Беларуса, які-б ня стыкаўся з Беларусамі — рабамі чужых культураў. Адданасьць гэтых Беларусаў сваім панам ёсьць часта задзіўляючай.

Дзе карані гэтага духовага рабства часткі нашае інтэлігенцыі і ў чым практычна яно праяўляецца?