Культура й загады нацыянальнае працы.
„Naturalia non sunt turpida“… Натуральным правам і загадам у чалавека будзе імкненьне да шчасьця, паколькі гэнае імкненьне мае грамадзкі характар, а ня вузка-эгоістычныя рамкі. Рэалізацыя гэнага ідэалу ў адзінкі ляжыць на лініі жыцьцёвай кожнага народу, на ўлоньні якога адзінка вырасла.
Ці магчымае зьдзейсьненьне гэтага ідэалу ў нашым шырэйшым разуменьні без асноведзі народу? — Бязумоўна так, калі падыходзіць да пытаньня абстрактна. І адкажам не, калі мецімем наўвеце канкрэтныя формы, канкрэтных людзей, якія дайшлі да некаторага роўня культурнага.
Лінія чалавецкае адзінкі нармальнае, здаровае перасякаецца з лініяю ейнага асяродзішча, а значыцца ў сучасных умовах існаваньня грамадзянстваў, з лініяю, шляхам жыцьцёвым свайго собскага народу. І пачынаецца паміж імі супрацоўніцтва. Кожная з дзьвёх старон нешта дастае й нешта дае. Народ дае сваю мінуўшчыну, свае формы, сваё багацьце ўва ўсіх магчымых праявах, дае магчымасьць фізычнага існаваньня, дае веру ў сэнс змаганьня, дае наканец веру ў сапраўднасьць высокіх ідэалаў. Народ хоча аднаго — бязупыннага развою сваіх цэннасьцяў ува ўсіх шматлікіх галінах жыцьця, якія ўварункованы ягонымі гістарычнымі, эканамічнымі і сацыяльнымі ўмовамі.
Гэнае дамаганьне праяўляецца ў тым, што мы завём культураю. Зьмест пайма культуры вельмі багаты й рознаякі, залежна ад таго, адкуль да яго падыходзіць. Культураю ў сэнсе прадмету называцімем усе паасобныя элемэнты творства чалавека ад пачатку ягоных дзён. На гэны скарб складаюцца ідэі, абычаі, вераньні, вынаходы, спосабы працы, установы грамадзкія й рэлігійныя, праявы мастацтва й побач гэтага ўсе прадметы матар‘яльныя, чалавекам выпрадукаваныя ці прыспасобленыя з мёртвае прыроды. Дык трэба нам аддзяліць культуру матар‘яльную ад культуры духовае. Яны абедзьве далёка не заўсёды маюць аднолькавую вышыню ў паасобных адзінак, грамадаў, народаў.
Нас тутака будзе цікавіць толькі пытаньне культуры нематар‘яльнае. Часта нам цяжка, амаль немагчыма, аддзяліць чалавека ад ягонае вопраткі, ад памешканьня, аднак было-б памылковым глядзець на адзінку скрозь прызму ягонае формы. Адзінка выклікае ўсе праявы духовага жыцьця. Формы могуць выгінаць, абрабляць чалавека паводле аднаго ўзору, калі ж адначасна ня будзе ў форме зьместу трывалкага й багатага, форма ня трымацімецца. Прыклады гэныя бачым на сабе, у штодзенным