Тады ўспомніла пра сіненькія кніжачкі, што падаравала Пятроўна. Папрабавалі чытаць — нічога ня выходзіць, ня ўсе літары ведаюць.
Хіма ўзяла ў палу дзіцё, большым наказала ня выходзіць з хаты.
Прышлі.
— Добры дзень! — прывіталіся яны разам з настаўніцаю.
— Добры дзень! Ну, сядайце, мае вучні. Я ўжо ўсё падрыхтавала. Вось вам папера, алоўкі.
Селі. І ўсе засьмяяліся. Падумала Хіма:
«Якія там вучні ў сорак год? Можа гэта ўсё блазенства, можа нічога ня выйдзе». Але супакоілася. Малому дала цацак, пасадзіла на падлозе гуляць.
— Чаму-ж яшчэ ніхто ня прыходзіць?
— Ды ня прыдуць, мусіць усе занятыя. Самі сябе сароміць ня хочуць. Гэта-ж во’ я адна дурная.
Настаўніца паказвала літары, потым прабавалі напісаць іх. Аловак у руках трымаўся дрэнна. Літары выходзілі раскіракамі. І к канцу ў Хімы твар заліло потам. Калі настаўніца сказала: «Ну, на сягоньня хопіць», у Хімы вырасла задаваленьне і свая гордасьць. Гэта-ж яна сьпісала ўласнай рукою цэлы ліст паперы і ўсё напісанае, як ніткі ў бёрдзе, калі тчэ кросны, яна памятае, што і к чаму. З гэтым зьвязалася тое, што яшчэ малая вучылася. Па складох умела чытаць. Ня так цяжка будзе перамагчы мудрасьць...
Вызначылі наступны дзень для заняткаў. Задаволеная пашла, а на стале расклала прынесены леман-