ценькага зайчыка на сьцяне і Хіма прабавала сьпяваць. Жыцьцё не такім цяжкім выглядала і гора ня было бязвыходнай госьцяй, як мякіна ў хлебе.
*
Добры дзень і пагодны выдаўся ў нядзелю. Хіма пакінула дзяцей на прыгляд Кузьмы. Надзела новы андарак, абгарнула куманёўку. Вышла за вёску. Лёгка так. Ішла яна сьнегавым полем па пратоптанай дарозе ў сяло, што было за вярсту, каб пазычыць у сястры бёрда — скора трэба выткаць кросны губак на восем. З жоўтай званіцы бомкалі на абедню... У прытворы царквы стаяла некалькі маладзіц, гаворачы аб тым, аб сім. Яна між іх заўважыла сваю сястру і накіравалася туды. У прытворы, дзе было халодна, паслухала гаворку сястры аб сваім жыцьці. З царквы данасіўся слабы голас папа і гучны, басісты дзякоў, насьпех канчаўшых абедню. У царкве, каля печкі, Хіме стала цяплей. Царква была старая, на сьценках пабеленых выступіла сырасьць і твары сьвятых вылучаліся чарнатою. Вялікі абраз боскае маткі з дзіцём на руках, з пазалотаю ў сярэдзіне, больш за ўсё падабаўся Хіме; калі ставіла сьвечку, дык заўсёды толькі там. Людзей было мала. На правым баку стаялі мужчыны, на левым — бабы. Хіма заўважыла трох баб, якія цэлую службу прастойвалі на каленях. У гэты дзень усё здалося ў царкве няпрытульным, дый не аб чым было маліцца. Хіма хадзіла ў вялікія сьвяткі і тады яна ведала аб чым маліцца багародзіцы. Вясною, каб узышла хораша